25 лiстапада 2024, панядзелак, 0:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павал Севярынец: «Адмова ў рэгістрацыі партыі – гэтае не юрыдычнае, а палітычнае рашэнне»

Міністэрства юстыцыі адмовілася рэгістраваць партыю Беларуская хрысціянская дэмакратыя, заявіўшы, што дзяржпошліна за рэгістрацыю партыі была выплачаная нібына на няправільны рахунак. Куды падзеліся 1 750 000 рублёў – невядома.

Як паведаміў 16 красавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску адказны сакратар аргкамітэта партыі БХД Дзяніс Садоўскі, ён асабіста хадзіў у Міністэрства юстыцыі, каб задаць чыноўнікам шэраг пытанняў – у тым ліку і пра тое, на які рахунак трэба заплаціць дзяржпошліну за рэгістрацыю партыі. У міністэрстве паведамілі, што «усе неабходныя звесткі можна знайсці на інфармацыйным стэндзе і на сайце Мінюста».

«Аднак на стэндзе ў Міністэрстве юстыцыі не было нічога дакладнага. На сайце міністэрства былі пазначаныя рахункі, на якія можна пералічыць дзяржпошліну. Але калі мы туды перавялі грошы, у Мінюсце заявілі, што з 31 снежня 2008 года рахунак зменены.

Учора я зноў зайшоў на сайт Мінюста. Там пералічаныя рахункі. Тыя ж самыя, на якія мы пераводзілі грошы. Пытанне да начальніка ўпраўлення грамадскіх аб'яднанняў Міністэрства юстыцыі Алега Сліжэўскага: дзе нашыя грошы? Мы гэтае пытанне будзем яшчэ абмяркоўваць, падамо ім усе справаздачы, і будзем патрабаваць вяртання нашых грошаў», – заявіў Дзяніс Садоўскі.

Сустаршыня партыі БХД Павал Севярынец таксама паведаміў, што ў адказе, які кіраўніцтва партыі атрымала ўчора з Міністэрства юстыцыі, пазначалася яшчэ адзін прычына адмовы ў яе рэгістрацыі: «Пададзеныя дакументы не адпавядаюць вынікам апытання заснавальнікаў партыі БХД, праведзенага Мінюстам».

Як сцвярджае Міністэрства юстыцыі, атрыманыя доказы парушэння працэдуры вылучэння дэлегатаў з'езду: некаторыя заснавальнікі партыі недакладна называлі колькасць актывістаў, якія прысутнічалі на рэгіянальных сходах па вылучэнні дэлегатаў.

«Праз паўтары – два месяцы пасля правядзення ўстаноўчага з'езду партыі, які адбыўся 28 лютага, заснавальнікаў партыі выклікалі ў Мінюст, у мясцовыя выканкамы, у ідэалагічныя аддзелы, запалохваючы іх звальненнем з працы ці выключэннем з навучальных установаў. Калі задавалі пытанне «Колькі людзей абралі ў дэлегаты?», чалавек, узгадваючы, адказваў, што чалавекі тры. А ў пратаколе, скажам, было чатыры. На падставе гэтага Міністэрства юстыцыі лічыла, што інфармацыя «неадпавядае рэчаіснасці», - распавёў Павал Севярынец.

«Апытанне Мінюста не адпавядае заканадаўству, бо людзей запалохвалі. Таму адмова ў рэгістрацыі партыі – гэтае не юрыдычнае, а палітычнае рашэнне.

Нашай мэтай з'яўляецца не рэгістрацыя партыі ў Міністэрстве юстыцыі, а прасоўванне ў Беларусі хрысціянскіх каштоўнасцяў. Мы не баімся рэпрэсіяў з боку ўладаў – бойся Бога, і нікога больш!» - сказаў Павал Севярынец.

Як паведаміў сустаршыня партыі БХД Аляксей Шэін, кіраўніцтва партыі мае намер абскардзіць адмову Мінюста ў судзе.

«У нас сур'ёзныя падставы лічыць, што адмова ў рэгістрацыі партыі неадпавядае заканадаўству. Кампаніі і акцыі, якія праводзіла партыя, будуць і надалей праводзіцца. Мы адчуваем прызнанне партыі людзьмі, а таксама салідарнасць хрысціянскіх дэмакратаў у іншых краінах», - адзначыў палітык.

Нагадаем, дакументы на рэгістрацыю партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя былі пададзеныя ў Мінюст 12 сакавіка. Устаноўчы з'езд БХД прайшоў 28 лютага, на ім прысутнічала 211 дэлегатаў і больш за 300 гасцей з Беларусі і іншых краінаў. Па выніках выбараў сустаршынямі партыі сталі Георгі Дзмітрук, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец і Аляксей Шэін.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках