20 красавiка 2024, Субота, 14:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямецкія паліцыянты абмяняюцца досведам з беларускім АМАПам

34
Нямецкія паліцыянты абмяняюцца досведам з беларускім АМАПам

МУС Нямеччыны прапанавала беларускім міліцыянтам пераняць іх досвед забеспячэння бяспекі падчас масавых мерапрыемстваў.

«Пытанні навучання супрацоўнікаў міліцыі грамадскай бяспекі ў ФРГ будуць абмеркаваныя падчас візіту ў Менск дэлегацыі МУС Нямеччыны», паведамілі агенцтву «Інтэрфакс» у МУС Беларусі.

«У Менску будуць абмеркаваныя пытанні правядзення навучальнага семінара для супрацоўнікаў беларускай міліцыі. Па прапанове нямецкага боку семінар пройдзе ў ФРГ», паведамілі ў МУС.

Па словах суразмоўцаў агенцтва, 23-24 красавіка з працоўным візітам у Беларусі будзе знаходзіцца дэлегацыя МУС Нямеччыны на чале з камандуючым Паліцыі гатоўнасці федэральных земляў Юргенам Шубертам.

«Асноўная мэта прыезду нямецкай дэлегацыі - азнаямленне з працай міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі», паведамілі ў МУС.

Падчас візіту Ю.Шуберт сустрэнецца з выканаўцам абавязкаў міністра ўнутраных справаў Беларусі генерал-маёрам Анатолем Куляшовым, удакладнілі ў міністэрстве.

«Бакі абмяркуюць актуальныя пытанні і перспектывы абмену досведам па забеспячэнні бяспекі падчас правядзення масавых мерапрыемстваў», удакладнілі ў МУС.

Акрамя таго, нямецкія паліцыянты азнаёмяцца са службовай дзейнасцю і матэрыяльна-тэхнічнай абсталяванасцю палка міліцыі спецыяльнага прызначэння ГУУС Менгарвыканкама (былы менскі АМАП) і Цэнтральнага РУУС сталіцы, а таксама наведаюць Навучальны цэнтр па падрыхтоўцы, падвышэнні кваліфікацыі і перападрыхтоўцы кадраў органаў унутраных справаў і Акадэмію МУС Беларусі.

Пасля прэзентацыі дзейнасці міліцэйскіх навучальных установаў у галіне падрыхтоўкі кадраў для міліцыі грамадскай бяспекі Ю.Шуберт выступіць перад прафесарска-выкладчыцкім складам Акадэміі МУС з дакладам на тэму «Задзейнічанне сілаў паліцыі гатоўнасці Нямеччыны падчас масавых мерапрыемстваў», паведамілі ў МУС.

Заўвага прэс-цэнтра Хартыі’97: Менскі АМАП вядомы ва ўсім свеце брутальнымі разгонамі мірных акцыяў апазіцыі і жорсткім збіццём дэманстрантаў. Аднаму з камандзіраў менскага АМАПа Юрыю Падабеду быў нават забаронены ўезд у краіны Еўразвяза за зверскае збіццё яго падначаленымі ўдзельнікаў мітынгаў дэмакратычна настроеных грамадзянаў. Варта таксама нагадаць, што падчас нядаўняй акцыі ў Дзень салідарнасці 16 красавіка супрацоўнікі менскага АМАПа, збіваючы, выціскалі з Кастрычніцкай плошчы людзей, якія прыйшлі туды са свечкамі і партрэтамі палітвязняў. Пры гэтым амапаўцы ірвалі і тапталі сцягі з сімволікай Еўразвяза.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках