25 снежня 2024, Серада, 19:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Уладзімір Содаль: Разгоны моладзевых акцый нагадваюць фашыстоўскія аблавы

1

Вядомы беларускі літаратуразнаўца Ўладзімір Содаль пракамэнтаваў жорсткі разгон мірнай акцыі «Маладога Фронта» 14 траўня.

«Наша моладзь 14 траўня праявіла крок найвышэйшай мужнасці, і яе павінны падтрымаць усе, каму неабыякавы лёс Беларусі і яе будучыня», - піша Ўладзімір Содаль у сваім артыкуле на старонцы «Нашай Нівы».

«Пра запланаваны ў Мінску маладзёвы марш «За незалежнасць» 14 мая я ведаў загадзя праз абвесткі ў незалежным друку і вельмі спадзяваўся на яго ўзнёсласць, акрыленасць, -- піша літаратуразнаўца. -- Спадзяваўся атрымаць якісь жыццёвы зарад, як гэта было ад ранейшых такіх акцыяў. Але перш, чым распавесці, што я ўбачыў на Кастрычніцкім майдане, патлумачу больш глыбокія матывы свайго прыходу на несанкцыянаваную акцыю.

Я нарадзіўся ў суровым 1937 годзе і з прыроды, праз гены, удаўся неабыякавым да лёсу Беларусі. Мяне цікавіла і цікавіць грамадскае жыццё Беларусі ва ўсіх яго праявах, незалежна ад таго, хто яго ладзіць: апазіцыянеры ці афіцыйнае чынавенства. Калі гэтыя імпрэзы сугучныя з духам і менталітэтам нашага народу, я наведваў іх і надалей буду, незалежна ад таго, хто іх ладзіць. От таму я і прыйшоў на моладзевую акцыю 14 мая. І што ж я ўбачыў?

Дзесьці а шостай гадзіне паблізу «Пачатку ўсіх дарог» пачала кучкавацца моладзь. Не паспела яна як след разгарнуцца, як адкульсьці, як крумкачы якія, ва ўсім чорным вылецелі дзецюкі з дубінкамі. Мяне гэты малюнак, як дзіця вайны, глыбока жахнуў. Згадаліся фашыстоўскія аблавы, загоны і згоны. Дык то былі акупанты! А хто гэтыя? Волю якога народу яны выяўляюць?

Пакуль я разважаў, на плошчы пагрозліва папярэджвалі: «Просім усіх разысціся! У выпадку непадпарадкавання да вас будзе прымененая фізічная сіла і адміністрацыйнае пакаранне». Але ніхто з моладзі не варухнуўся. Наадварот. Над маладзёвым гуртам узвіўся бел-чырвона-белы сцяг, а за ім расцяжка «Малады фронт».

Пагроза паўтаралася неаднаразова. А аснову ядра моладзевай акцыі «За незалежанасць» складалі маладзенькія, фізічна кволыя беларусачкі. І менавіта гэта ім пагражалі фізічнай расправаю амонаўскія бэйбусы. Ад пагрозаў амонаўцы перайшлі да здзяйсненняў сваіх метадаў, якія інакш як разбойніцкімі не назавеш. Якраз у гэты момант да нас падышоў якісь хударлявы чалавек.

— Па ўсім відаць, вы — пісьменнікі. Ці не хочаце на канцэрт у Палац Рэспублікі схадзіць? Я і запрашэнні маю…

І от я ў найлепшай канцэртнай зале Беларусі. Як тут усё ўрачыста, гарманічна зладжана, грандыёзна! Адны артыстычныя гурты ў сваіх нацыянальных строях змяняюцца на сцэне іншымі… Украінскі, кіргізскі, таджыкскі, расійскі… Радавалі і беларускія калектывы — «Харошкі», «Грамніцы». З глыбокай задушэўнасцю спяваў песню пра Беларусь і наш слынны Якаў Навуменка. Яго спевы праз праекцыю суправаджаліся маляўнічымі беларускімі краявідамі. Лятуць мірныя птахі буслы… А гэтым часам на Кастрычніцкай плошчы, за нейкую паўсотню метраў ад сцэны, дзеялася зусім іншае… Там панавала грацыя дубінак.

Амонаўцы лютавалі: вырвалі з рук бел-чырвона-белыя сцягі, азвярэла ламалі праз калена дрэўкі. Але з асаблівай лютасцю накінуліся на расцяжку «Малады фронт». Шкуматалі яе ледзь не зубамі.

Амаль дзве гадзіны доўжыўся фестывальны канцэрт. Канцэртная гармонія і грацыя у маім уяўленні мантажна межавалася з тым, што дзеялася на плошчы. Каб я меў магчымасць запісу абедзвюх дзеяў, не сумняюся, спалучэнне ўразіла б і саміх амонаўцаў. Шмат каго з іх гэта б змусіла задумацца, чыімі метадамі і з якой эпохі карыстаюцца яны. Людзі, якія былі сведкамі экзекуцыі, называлі іх метады фашыстоўскімі. Ці чулі яны гэта? Ці могуць з гэтым пагадзіцца? Няўжо няма іншых спосабаў размаўляць з моладдзю?

Гэтыя навыкі амонаўцы, несумненна, павінны мець, але ў дачыненні да каго? Да заўзятых крыміналістаў, рэцыдывістаў. А хіба ж моладзевыя актывісты, якія згуртаваліся чатырнаццатага мая, такія?! Яны ўсе палымяна любяць Беларусь. І за гэта на іх дубінкамі?! Не, з гэтым аніяк нельга пагадзіцца! Трэба шукаць іншыя шляхі размовы з моладдзю. Яна ж наша будучыня. І што ж яна запіша ў аналы нашай гісторыі? Ці не тое, што я тут занатаваў? Дзень 14 мая 2009 году ў аналы беларускага народу, хоча гэтага хто ці ні хоча, будзе запісаны як дзень шаленства цяперашняй адміністрацыі. Але як бы яно там ні было, але наша моладзь 14 мая праявіла крок найвышэйшай мужнасці, і яе павінны падтрымаць усе, каму неабыякавы лёс Беларусі і яе будучыня».

Нагадаем, 14 траўня ў Менску была разагнаная акцыя апазіцыі, прымеркаваная да гадавіны рэферэндуму аб змене дзяржаўнай сімволікі і ўвядзенні двухмоўя. Супраць людзей пад бел-чырвона-белымі сцягамі былі кінутыя дзясяткі супрацоўнікаў АМАПа, узброеныя дубінкамі.

Уладзімір Содаль даследуе беларускую літаратуру і культуру XIX–XX стагоддзяў, жыццёвы і творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Ядвігіна Ш. і Зоські Верас. Ён аўтар шматлікіх кніг і навучальных дыяфільмаў пра вядомых дзеячаў нацыянальнай гісторыі і культуры, складальнік альбомаў, прысвечаных Багушэвічу і Дуніну-Марцінкевічу, зборнікаў твораў Багушэвіча.

26 красавіка 2007 году Ўладзімір Содаль і ягоная жонка былі збітыя супрацоўнікамі міліцыі пасля «Чарнобыльскага шляху». Тады літаратуразнаўцу спаўнялася 70 год. Варта таксама адзначыць, што У.Содаль – інвалід з дзяцінства.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках