Княгіню Раманаву ў Гомелі сустрэлі ўсім выканкамам і хлебам-соллю
28- 16.07.2009, 11:56
На пероне ў Гомелі спадчынніцу расейскага роду Раманавых сустракалі чыноўнікі, духавенства і дзяўчыны ў нацыянальных строях.
«М.Раманава прыбыла ў Гомель, на пероне яе сустракаў старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Сяліцкі, дзяўчыны ў нацыянальных строях уручылі ёй хлеб-соль і кветкі», паведамілі «Інтэрфаксу» у Гомельскім аблвыканкаме.
«Пасля сустрэчы на пероне вакзалу княгіня і дэлегацыя, што суправаджала яе, накіруюцца ў гасцініцу «Турыст», дзе будзе арганізаваны лёгкі сняданак у нумары. Праз паўтары гадзіны княгіня ўскладзе кветкі да помніка княгіні Ірыне Паскевіч-Эрыванскай на вуліцы Ірынінскай у Гомелі», паведамілі ў аблвыканкаме.
«Пасля яна ўскладзе кветкі да мемарыяла ваярам-вызваліцелям і накіруецца ў гомельскі Палацава-паркавы ансамбль», удакладнілі суразмоўцы.
«У зале ўрачыстых прыёмаў Гомельскага палаца пройдзе сустрэча княгіні з кіраўніцтвам Гомельскай вобласці і Гомеля. Запланавана, што з княгіняй сустрэнецца намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Баранаў, (старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон знаходзіцца ў адпачынку), старшыня Гомельскага абласнога савета дэпутатаў У.Сяліцкі», паведамілі ў аблвыканкаме.
«Пасля двухгадзіннай сустрэчы ўсе паабедаюць у карчме «Будзьма», адтуль княгіня паедзе на сустрэчу з прадстаўнікамі Клуба дзелавых жанчын, пасля чаго яна вернецца ў Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, дзе ў Белай гасцінай будзе дадзены канцэрт, у 20.00 пройдзе вячэра ў рэстаране «Ірына» у парку ім. Луначарскага», распавялі ў аблвыканкаме.
«На наступны дзень у 9.00 княгіня паснедае ў апартаментах, пасля наведае Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр радыяцыйнай медыцыны і экалогіі чалавека, пасля яна накіруецца ў Ветку, дзе азнаёміцца з экспазіцыяй Веткаўскага музея народнай творчасці», заявілі ў аблвыканкаме, удакладніўшы, што «кіраўніку Расейскага імператарскага дома ў музеі будзе ўручаны сувенір».
Пасля музея стараверскай культуры княгіня вернецца ў Гомель, дзе адабедае ў рэстаране «Ірына». Пасля яна накіруецца на сустрэчу з архібіскупам Гомельскім і Жлобінскім Архістрацігам.
«У кафедральным Свята-Петрапаўлаўскам саборы па выпадку прыезду княгіні будзе зладжанае набажэнства царскім пакутнікам», распавялі ў аблвыканкаме.
Пасля сустрэчы з гомельскім духавенствам княгіня М.Раманава наведае музей гісторыі і Гомельскі абласны музей вайсковай славы.
«Пасля ў гасцініцы «Інтурыст» для княгіні будзе дадзеная вячэра ад імя архібіскупа Гомельскага і Жлобінскага Архістраціга», паведамілі ў аблвыканкаме.
«У суботу ў 8.00 у гасударыні будзе сняданак у апартаментах у гасцініцы, і ў 9.00 дэлегацыя на чале з княгіняй на аўтамабілях накіруецца ў Брэст, запланаваны прыпынак і кава-паўза ў Мазыры ў 10.30, прыезд у Тураў і там, у 13.30, абед. У 14.30-15.00 калона аўтамабіляў плануе даехаць да мяжы Гомельскай і Брэсцкай абласцей», заявілі ў аблвыканкаме.
«Там таксама ўдакладнілі, што падчас візіту ў Гомельскую вобласць дэлегацыя на чале з княгіняй будзе забяспечаная транспартам, для яе будуць набытыя сувеніры, а таксама 3 букеты», паведамілі ў Гомельскім аблвыканкаме. Аўтамабіль з княгіняй будзе суправаджаць ДАІ.
У сваю чаргу, у Брэсцкім аблвыканкаме агенцтву паведамілі, што «спецыяльных мерапрыемстваў у сувязі з тым, што ў Брэст плануе прыехаць М.Раманава, не плануецца».
«У МЗС Беларусі парэкамендавалі разглядаць яе візіт, як візіт прыватнай асобы», сказалі суразмоўцы агенцтва.
Нагадаем, што беларускія гісторыкі здзіўленыя стаўленнем улад да візіту княгіні Марыі Романовой.
Так доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч заяўляе, што дынастыя Раманавых выконвала на тэрыторыі сучаснай Беларусі ролю каланізатараў.
Па словах доктара гістарычных навук, дынастыя Раманавых мела непасрэднае дачыненне да жорсткіх падаўленняў нацыянальных вызваленчых паўстанняў.
«Усялякія спробы барацьбы за незалежнасьць, паўстанні нашыя падаўляліся, пачынаючы яшчэ з паўстання Касцюшкі і паўстання Каліноўскага, -- заяўляе Анатоль Грыцкевіч. -- Гэта ўсё жорстка падаўлялася царскімі войскамі і царскай адміністрацыяй.
Што датычна Беларусі, то роля Раманавых была, як кіраўнікоў дзяржавы, фактычна каланізатарскай. І калі вялікая княгіня Марыя Ўладзіміраўна прыязджае ў Гомель, гэта значыць проста наведванне сваёй былой, з пункту гледжання імперыі, тэрыторыі.
Мяне толькі дзівяць беларускія ўлады. Нібыта Беларусь не з’яўляецца незалежнай дзяржавай. І там ужо так сустракаць вялікую княгіню — гэта проста недарэчна»