22 лiстапада 2024, Пятніца, 19:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Анатоль Грыцкевіч: 1000 год таму Літва знаходзілася на тэрыторыі Беларусі

26

У сувязі са святкаваннем сёння ў Літве 1000-годдзя краіны, беларускія гісторыкі зважаюць на некарэктную назву свята.

У інтэрв'ю прэс-цэнтру Хартыі’97 прафесар, доктар гістарычных навук Анатоль Грыцкевіч распавёў, што гаворка ідзе не аб 1000-годдзі Літвы, а аб першым згадванні назвы «Літва» у летапісе.

«Сама фармулёўка «1000-годдзе Літвы» няслушная. Можна казаць аб першым згадванні Літвы ў гістарычнай хроніцы, і толькі, -- заяўляе прафесар. -- Літва як форма дзяржавы была створаная ў 30-40-х гадах 13 стагоддзя. І ў той час яна не адносілася да тэрыторыі сучаснай Літвы. Таму як тагачасная Літва знаходзілася на тэрыторыі сучаснай Беларусі і з'яўлялася часткай Вялікага княства Літоўскага».

Першае згадванне слова «Літва» адносіцца да 1009 года. Гэтая назва сустракаецца ў Кведлінбургскіх хроніках (Annales Quedlinburgenses), якія распавядаюць аб гібелі Святога Бруна Кверфуртскага. Манах родам з Магдэбурга быў захоплены місіянерскімі ідэямі. У 1007 ён наведаў Кіеўскую Русь, а ў 1008 годзе – Польшчу.

Восенню-зімой 1008-1009 гг. Бруна з 18 спадарожнікамі адправіўся прапаведаваць хрысціянства да прусаў, дзе яму атрымалася хрысціць мясцовага князя Нецімера. Але неўзабаве пасля гэтага Бруна быў абезгалоўлены, ягоныя спадарожнікі павешаныя па загадзе аднаго з васалаў Нецімера. Паводле Кведлінбурскіх харонік, гэта адбылося «на стыку меж ужо згаданага боку (Прусіі), Русі і Літвы».

«Варта сказаць, што да канца 19 стагоддзя Літвой называлі вялікую частку тэрыторыі сучаснай Беларусі, - кажа Анатоль Грыцкевіч. -- Нават Менск называўся «Менскам Літоўскім» («Min'sk Litewski» - заўв. Хартыі’97). Беларуссю жа называлі толькі Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губерніі. Называлі афіцыйна, нават у расейскіх дзяржаўных дакументах. А у канцы 19 стагоддзя назва «Беларусь» фармальна замяніла «Літву». Само жа святкаванне такой даты мне падаецца вельмі нацягнутым. Усё ж такі асветніка і яго 18 спадарожнікаў забілі».

Па словах доктара гістарычных навук, беларусы таксама маюць поўнае права святкаваць першае згадванне «Літвы» у гістарычнай хроніцы.

«Справа ў тым, што слова «літвіны» да літоўцаў не адносілася, -- заяўляе Анатоль Грыцкевіч. -- Яно адносілася да жыхароў, якія засялялі сучасную Беларусь. Тое ж самае можна сказаць і аб самой назве краіны. Літва – гэты політонім, дзяржаўная назва, якая адносілася да беларусаў».

А вось, што піша ў сваёй кнізе «Закінуты свет» вядомы беларускі гісторык Ігар Літвін:

«Сучасныя літоўцы неабгрунтавана прыпісваюць сабе гісторыю Вялікага княства Літоўскага. Пры гэтым ставіцца знак роўнасці паміж сучаснымі літоўцамі і жыхарамі ВКЛ – літвінамі. Варта ўзгадаць, што старажытная сталіца ВКЛ – Вільня дасталася літоўцам зусім нядаўна: у кастрычніку 1939 года, дзякуючы І.В.Сталіну. Сярод жыхароў Вільні, прадстаўнікі сучаснай літоўскай нацыянальнасці складалі тады ўсяго 3%. Варта растлумачыць, што Літоўская рэспубліка мае такое жа стаўленне да Вялікага княства Літоўскага, як і сучасная Македонія да імперыі Аляксандра Македонскага, г.з. складае мізэрную частку плошчы калісьці велізарнай дзяржавы. Плошча тэрыторыі ВКЛ перавышала 900 тысяч квадратных кіламетраў. Гэта ў 4,5 разы больш за сучасную тэрыторыю Беларусі.

ВКЛ уключала ў сябе не толькі ўсе землі Беларусі, але і значную частку сучаснай Літвы, Латвіі, Расеі, Украіны, Малдовы і Польшчы. Сучасная Літоўская рэспубліка ўключае толькі дзве невялікія вобласці ВКЛ: Жамайтыю і Аўкштайтыю. Тое, што гэтыя землі не з'яўляліся ўсёй дзяржавай, бачна нават з тытула кіраўнікоў: Вялікі князь Літоўскі, Рускі і Жамойцкі. Самы знакаміты і ўшанаваны Вялікі князь Літоўскі – Вітаўт чатырохразова (у 1384, 1390, 1398 і 1404 гг.) аддаваў Жамайтыю Тэўтонскаму ордэну! Гэтая тэрыторыя хоць і была важнай, але ўсё ж такі разменнай манетай у палітычнай барацьбе таго часу. Продкі сучасных літоўцаў – жамойты, былі адным са шматлікіх народаў, якія пражывалі на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага. Няма ніякіх падставаў, лічыць іх тытульнай нацыяй ВКЛ.

Беларусь – цэнтральная, галоўная частка Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага. Беларусь з'яўляецца правапераемніцай гістарычнай спадчыны ВКЛ. Нашыя старажытныя летапісы і зараз захоўваюцца ў Маскве, у Расейскім Дзяржаўным архіве гістарычных актаў. На іх вяртанні наш урад не настойвае».

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках