28 верасня 2024, Субота, 5:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Яўген Калмыкоў: «Велізарная колькасць міліцыі на канцэртах у Менску не спрыяе расслабленню»

5

Фэсты, падобныя да Be Free, пакуль немагчыма арганізаваць у Беларусі, заяўлена на прэс-канферэнцыі, прысвечанай арганізацыі фэсту ў Чарнігаве.

Як лічыць адзін з лідэраў групы ULIS Вячаслаў Корань, у Беларусі «не тая культура, у тым ліку і моладзевая». «У нас няма шоў-бізнэсу, і таму зрабіць такі глабальны фэст, з запрашэннем украінскіх, польскіх, французскіх музыкаў у нас проста немагчыма», — цытуе Кораня БелаПАН.

Адзін з арганізатараў фэсту, прадзюсар, кіраўнік праекту «Беларуская музычная альтэрнатыва» Віталь Супрановіч звярнуў увагу на юрыдычны бок пытання. «Калі б мы рабілі гэты фэст у Беларусі, мы павінны былі б вельмі цесна супрацоўнічаць з уладамі, што прывяло б да настойлівых просьбаў палітычнага і ідэалагічнага кшталту. Акрамя таго, як правіла, адказ на дазвол ці забарону масавага мерапрыемства даецца толькі за пяць дзён да яго правядзення. За пяць дзён трэба дамовіцца з музыкамі, зрабіць рэкламу, і яшчэ ўзяць дзесяць узгадненняў, кожнае з якіх каштуе грошай», — сказаў Супрановіч.

Пры гэтым ён адзначыў, што нават пры выкананні ўсіх патрабаванняў «няма гарантыі, што праз паўгадзіны ці праз гадзіну, напрыклад, не знікла б электрычнасць». «Такія выпадкі ўжо былі», — падкрэсліў Супранович.

Прадзюсар групы «Ляпіс Трубяцкі» Яўген Калмыкоў лічыць, што падобны фэст у Беларусі немагчымы з-за «агульнага ўзроўня культуры». «Атмасфера такога фэсту мяркуе раскаванасць, а ў нас на кожным мерапрыемстве велізарная колькасць міліцыі. Яна стварае фон, які не спрыяе расслабленню», — адзначыў Калмыкоў.

Рок-фэст Be Free пройдзе ў Чарнігаве 22—23 жніўня. Пляцоўкай абранае маляўнічае месца паміж Цэнтральным гарадскім паркам культуры і адпачынку і турыстычным комплексам, у які ўваходзяць гасцініцы «Бранск», «Прафсаюзная» і «Прыдзяснянская». На беразе Дзясны на працягу двух дзён будуць праходзіць канцэрты пад адкрытым небам. Уваход на фэст бясплатны. Яго хэдлайнерамі стануць групы «Ляпіс Трубяцкі» (Беларусь) і «Воплі Відаплясава» (Украіна).

Арганізатары фэсту — «Беларуская музычная альтэрнатыва», ініцыятыва «Студфармат» і Еўрапейскае радыё для Беларусі. Партнёрамі Be Free ва Украіне з'яўляюцца Чарнігаўскі рок-клуб і Чарнігаўскі грамадзянскі камітэт абароны правоў чалавека. Акцыю ўзяла пад патранат мэрыя Чарнігава.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках