27 снежня 2024, Пятніца, 15:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч звярнуліся да Абамы

13

Нацыянальныя лідэры заклікаюць Амерыку, а таксама Еўропу мець «мудрасць і мужнасць, так неабходныя ў наш час».

Адкрыты ліст прэзідэнту ЗША Бараку Абаме

З краіны Усходняй Еўропы, якая не ўваходзіць у НАТА і ЕЗ

Спадар Прэзідэнт!

16 ліпеня 2009 года польская газета «Gazeta Wyborcza» апублікавала ліст да Вашай адміністрацыі, які ўзнімае ключавыя пытанні Еўраатлантычнага партнёрства. Яго падпісалі 22 чалавекі, якія з'яўляюцца элітай знешняй палітыкі і бяспекі краінаў-новых чальцоў НАТА і ЕЗ, інтэлектуалы Усходняй і Цэнтральнай Еўропы.

Наўпрост ці ўскосна ўсе пытанні, якія яны закранулі, датычаць дынамікі бягучых і, верагодна, будучых падзеяў у іх рэгіёне Еўропы, датычных адносінаў з Расеяй. Яны заклікаюць Злучаныя Штаты да ўдзелу ў сітуацыі і супрацоўніцтве ў якасці сапраўднага партнёра Еўропы, заклікаюць выступаць адносна праблемаў рэгіёна - пераканаўча, выразна і сваечасова.

На жаль, у напісанні гэтага ліста не ўдзельнічалі, або, прынамсі, яго не падпісалі, іх калегі з тых усходнееўрапейскіх краінаў - Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны - якія пакуль не з'яўляюцца чальцамі НАТА і ЕЗ і не маюць адпаведных гарантыяў бяспекі. Не выпадкова, што гэта тыя еўрапейскія краіны, якія бліжэй за усё да Расеі, і тыя, у каго самы працяглы досвед жыцця пры савецкім расейскім камунізме. Гэты досвед з'яўляецца асабліва важным зараз, у кантэксце апошніх падзеяў і тэндэнцыяў.

Усе пытанні, узнятыя аўтарамі адкрытага ліста, надрукаванага ў Gazeta Wyborcza, і шмат, шмат якія іншыя, самым непасрэдным чынам датычаць нашых краінаў. Расейска-грузінскі канфлікт летась, без сумневу, найбольш відавочная дэманстрацыя гэтага факту. Але наўрад ці адзіная.

Эканамічны шантаж Масквы ў дачыненні да Беларусі, Малдовы і Украіны з мэтай прымусіць іх вярнуцца ў сферу ўплыву Крамля з яго рэвізіянісцкай палітыкай, з'яўляецца менш вядомай, але не менш рэальнай пагрозай для іх будучыні. Перыядычны энергетычны шантаж Расеяй усіх гэтых шасці краінаў стаў нормай у першым дзесяцігоддзі 21 стагоддзя.

З-за доўгага дамінавання, спачатку Расеі, затым Савецкага Саюза нашая радзіма Беларусь -- гэта асаблівы выпадак і ёй трэба надаць асаблівую ўвагу. Мы бачым, што сукупнасць фактараў у сучаснасці - эканамічных, палітычных, у сферы бяспекі - можа быць шматабяцальнай для "пераменаў, у якія мы можам верыць", якія абвесціла вашая адміністрацыя, і якія захапілі ўяўленне людзей ва ўсім свеце.

ЕЗ з ухвальнай мудрасцю адказаў на пераменлівыя рэаліі Усходняй Еўропы, у прыватнасці, ініцыятывай Усходняе Партнёрства. Зараз мы заклікаем ЗША далучыцца да яго з такой жа дальнабачнасцю і энергіяй. З ўсіх прычынаў, пазначаных падпісантамі Адкрытага ліста ад 16 ліпеня, якія яны бачаць з іх выйгрышнай пазіцыі чальцоў НАТА і ЕЗ, мы таксама заклікаем ЗША скарыстацца магчымасцямі, якія пакуль ёсць. З пазіцыі краінаў, якія знаходзяцца па-за межамі гэтых арганізацыяў, мы можам прапанаваць шмат што. І нашыя патрэбы таксама вялікія. Мы чакаем ад Амерыкі, гэтак жа як і ад Еўропы, мудрасці і мужнасці, якія так неабходныя ў наш час.

Станіслаў Шушкевіч, экс-спікер беларускага парламента, першы кіраўнік Рэспублікі Беларусь

Івонка Сурвіла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні

Пераклад з ангельскай - www.charter97.org

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках