19 траўня 2024, Нядзеля, 12:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі журналіст: «Некаторым адказам Лукашэнкі я не паверыў»

9

Напярэдадні паездкі Аляксандра Лукашэнкі ў Літву журналісты тэлеканала «Lietuvos ryto» Рыта Мілютэ i Эдмунд Якілайці пагутарылі з беларускім кіраўніком.

Эдмунд Якілайці распавёў «Еўрарадыё», як праходзіла інтэрв’ю.

-- Ці праходзілі пытанні, якія вы падрыхтавалі для размовы з Лукашэнкам, нейкую цэнзуру ў Адміністрацыі прэзідэнта ці ў яго прэс-службе?

-- Не, мы не дасылалі прэс-службе свае пытанні. Толькі ўзгаднілі тэмы з маёй калегай Рытай Мілютэ з Нацыянальнага тэлебачання Літвы, і яна пераслала некалькі думак на тэму нашай размовы з прэзідэнтам Беларусі. Мы ніколі не дасылаем і не перадаем пытанні для ўзгаднення, бо гэта дрэнная практыка для журналіста. Добрая практыка журналіста — гэта даць тэмы размовы, каб чалавек мог падрыхтавацца. Але канкрэтныя пытанні мы ніколі не прадстаўляем.

-- Няўжо беларускі бок нават не выказваў пажадання, каб усе пытанні былі загадзя прадстаўленыя? Можа, у такім выпадку вам перадалі, што такія вось тэмы прэзідэнт не хоча абмяркоўваць?

-- Не было і такога. На мой погляд, калі такое і адбываецца, то толькі ў выпадку з беларускай прэсай. З літоўскай прэсай рабіць такое немагчыма, і яны такое нават не спрабавалі зрабіць. Нават ужо па дарозе на сустрэчу прэс-сакратар прэзідэнта сказаў нам: «Мы атрымалі вашыя тэмы. Там, канешне, вельмі мала напісана, і калі ў вас узнікнуць яшчэ нейкія думкі, то можаце запытваць што заўгодна. Вось мы і пыталіся што заўгодна: не толькі пра палітыку, але і пра сына, пра жанчын, пра спорт. Часам ён быў вельмі эмацыйны, часам — дзелавы. Інтэрв’ю было… гарачым, я б сказаў. Замест адной гадзіны мы гутарылі гадзіну і 50 хвілін.

-- Ці былі пытанні, якія вы спачатку сабе запісалі, але пасля вырашылі іх не задаваць? Альбо тэмы, ад якіх у апошні момант адмовіліся?

-- Не было. Наадварот, ён сам пачаў гаварыць на некаторыя тэмы, як, напрыклад, трагічныя падзеі 13 студзеня 1991 года ў Вільні. Ён сказаў, што быў адным з дэпутатаў беларускага парламента, якія ехалі падтрымаць Літву. Дык вось, у нас адразу ўзнікла пытанне: чаму тады ў Беларусі знайшлі прытулак такія людзі, як генерал Усхопчык, які, паводле нашых звестак, даў загад страляць у людзей? Узніклі і іншыя пытанні: наконт сына, наконт яго жонкі і каханай жанчыны ды іншыя, на якія ён адказваў. Запытвалі і наконт Расеі, і наконт Еўрапейскага Звяза — вельмі-вельмі шмат пытанняў.

-- Дарэчы, наконт генерал-маёра Уладзіміра Усхопчыка: ён не толькі знайшоў прытулак у Беларусі пасля падзей 1991 года, але і стаў тут намеснікам міністра абароны. Адказваючы на вашае пытанне, Лукашэнка заявіў, што не меў афіцыйных звестак пра злачынствы генерала ў Літве. Вы паверылі гэтаму адказу?

-- Асабіста я – не паверыў. Бо гэтае пытанне прэзідэнту Беларусі задаюць ужо не першы раз. І пра гэта ён чуў. Але ці чытаў ён матэрыялы літоўскай пракуратуры, гэтага я сказаць не магу.

-- Якія вы атрымалі адказы на пытанне пра тое, чаму Лукашэнка не жыве са сваёй законнай жонкай? Што адказаў на пытанне пра каханак?

-- Ён намякнуў на тое, што сваю жонку ён не бярэ ў свет з-за яе знешняга выгляду, я так зразумеў. Што жанчыну ён ўвогуле не жадае браць, бо так склалася яго жыццё, але яшчэ і таму, што ён не бачыць сэнсу ў гэтым.

-- У апошні час амаль на ўсіх сустрэчах Лукашэнка з’яўляецца з сынам Колем. На вашай сустрэчы хлопчык прысутнічаў?

-- Не, на гэтай сустрэчы яго не было. Прэзідэнт сказаў, што ён у дзіцячым садку. Але ён сказаў, што возьме яго з сабой у Літву. Мы ведаем, што ён будзе там гуляць з няняй ці з кімсьці яшчэ. Што да сустрэчы з Даляй Грыбаўскайтэ — ці будзе ён там прысутнічаць, ён адказаў, што павінен гэта ўзгадніць з прэзідэнтам, бо ён не бярэ незапрошаных гасцей.

-- Калі ў Менску Лукашэнка пераязджае з аднаго месца ў другое, міліцыянты перакрываюць рух па усім шляху яго картэжа. Ці не пыталіся ў яго пра меры бяспекі, якімі ён думае атачыць сябе ў Вільні?

-- Ні ў адной краіне свету немагчыма ўводзіць свае сістэмы аховы. У Літве ёсць літоўскія спецыялісты аховы, і яны зробяць усё, каб госці Літвы былі ў бяспецы. Праўда, я не думаю, што гэта будуць нейкія спецыяльныя меры. У нас прэзідэнт стаіць у заторах. І спыняецца каля светлафораў.

-- Вашае ўражанне ад беларускага кіраўніка? Як ён рэагаваў на самыя непрыемныя пытанні?

-- Ён рэагаваў вельмі эмацыйна. Потым нават выбачаўся за гэта і казаў, што ён вельмі эмацыйны чалавек. І што ён заўжды так рэагуе. Я думаю, што гэта было нармальнае інтэрв’ю з прэзідэнтам. І пытанні былі зададзеныя тыя, якія цікавыя не толькі ў Літве, але і ў іншых краінах. Я б не сказаў, што гэта была нейкая «звышпадзея». Ну, мы ўзялі інтэрв’ю у прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, задалі пытанні, якія хацелі. І на гэтым усё.

-- Вы не паставіліся да гэтага як да чагосьці выбітнага?

-- У сваёй журналісцкай практыцы я гутарыў і з Джорджам Бушам, і з Ясірам Арафатам. Не кажучы ўжо пра прэзідэнтаў Еўропы. Але я прашу прабачэння: сёння ў нашым урадзе імпічмент спікера, у мяне прамая трансляцыя праз некалькі хвілін і трэба рабіць інтэрв’ю для эфіра. Таму я развітваюся.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках