23 траўня 2024, Чацвер, 21:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі не знайшлося абсталявання для выступу The Prodigy

12

Два тыдні засталося да 5 кастрычніка, калі ў Менску ў рамках UltraMusicFestival выступяць знакамітыя брытанцы The Prodigy.

Паводле словаў арганізатараў, яны робяць усе, каб мерапрыемства прайшло на найвышэйшым узроўні, нягледзячы на тое, што канцэртаў такога маштабу ў Беларусі яшчэ не было, адзначае БелаПАН.

Фэст адбудзецца на стадыёне «Дынама» і ўпершыню ў сучаснай гісторыі пляцоўка ў канцэртнай канфігурацыі будзе разлічана не на 10 тысяч гледачоў, а на 30 тысяч. Дасягнуць такога паказчыка здолелі дзякуючы размяшчэнню сцэны ў тарцы стадыённага авалу тварам да футбольнага поля, якое (таксама ўпершыню ў сучаснай гісторыі) на адзін вечар ператворыцца ў танцпляцоўку.

«Для гэтага на газон стадыёна будзе пакладзена спецыяльнае японскае пакрыццё, якое дазволіць зберагчы яго ад пашкоджанняў. Яно настолькі трывалае, што на полі можна будзе гуляць у футбол хоць на наступны дзень», — распавяла прадстаўнік арганізатараў фэсту Марына Калеснікава.

Але яшчэ большай праблемай для арганізатараў стала пытанне святлотэхнічнага абсталявання. Прычым тут ролю грала не толькі велічыня пляцоўкі, але і высокія тэхналагічныя патрабаванні The Prodigy — стандартныя для сусветных пляцовак, але для Беларусі беспрэцэдэнтныя.

«Артысты з тэхнічнымі райдэрамі такога ўзроўню ў Беларусь яшчэ не прыяжджалі. Цалкам адпаведнай іх узроўню апаратуры ў нашай краіне няма, — прызнаецца Калеснікава. — У выніку мы замаўлялі апаратуру ў латвійскай кампаніі Universal Baltic Sound — найбуйнейшага пракатчыка гукавага абсталявання ў Прыбалтыцы. Яны забяспечвалі тэхнічны бок канцэртаў самых розных сусветных зорак — ад Metallica да Мадонны. На пляцоўцы будзе 500 кВт гуку, 300 кВт святла, а таксама 2 вялікія святлодыёдныя экраны 6×6 метры».

Гурт The Prodigy прадставіць у Менску свой новы альбом «Invaders Must Die», а таксама выканае старыя хіты. Працягласць іх выступу – не менш за 1,5 гадзіны. Таксама ў праграме фэста выступы Dub FX (Аўстралія-Вялікабрытанія), The Amatol (Расея), Drum Ecstasy, Юрыя Дземідовіча, 4 Kuba і многіх іншых выканаўцаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках