Юшчанка надаў Сцяпану Бандэру званне Героя Украіны
44- 22.01.2010, 14:00
Пра гэта прэзідэнт аб'явіў у пятніцу падчас урачыстасцяў, прысвечаных Дню саборнасці Украіны.
Юшчанка падкрэсліў, што гэта высокае званне, паводле яго ўказу, прысвоена Бандэру за «адстойванне нацыянальнай ідэі і барацьбу за незалежную ўкраінскую дзяржаву». Узнагароду з рук прэзідэнта атрымаў унук лідэра нацыяналістаў і яго поўны цёзка Сцяпан Бандэра.
Раней Юшчанка надаў званне Героя галоўнакамандуючаму Украінскай паўстанцкай арміі (УПА) Раману Шухевічу.
Сцяпан Бандэра ў 1940-50-я ўзначальваў Арганізацыю ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН), якая змагалася за ўтварэнне незалежнай дзяржавы на тэрыторыях, населеных этнічнымі ўкраінцамі.
У гады Другой сусветнай вайны з-за разыходжанняў з немцамі па пытаннях украінскай незалежнай дзяржавы трапіў у нямецкую турму, а потым і ў канцлагер.
Пасля вайны апынуўся на тэрыторыі Нямеччыны, адкуль спрабаваў кіраваць барацьбой супраць бальшавісцкай акупацыі.
15 кастрычніка 1959 года агент савецкага КДБ Сташынскі ў Заходняй Нямеччыне з адмысловага пісталета стрэліў у твар Бандэру растворам цыяністага калію і нанёс смяротную траўму. 20 кастрычніка лідэра ўкраінскіх нацыяналістаў пахавалі ў Мюнхене, дзе ён і быў забіты.
Сташынскі ў 1961 годзе перабег з Усходняга Берліна ў Заходні, дзе звярнуўся ў амерыканскае прадстаўніцтва з прызнаннем у забойстве Бандэры. У кастрычніку 1962 года ў Нямэччыне над ім адбыўся суд, падчас якога ён прызнаўся, што дзейнічаў па загадзе савецкага кіраўніцтва. У выніку Сташынскага прысудзілі да васьмі гадоў строгага рэжыму.
Кіраўніцтва КДБ адмаўляла датычнасць да забойства Бандэры, пакуль у 2005 годзе былы старшыня Камітэта Уладзімір Кручкоў не прызнаў, што «забойства Сцяпана Бандэры была адной з апошніх ліквідацый КДБ гвалтоўнымі метадамі непажаданых элементаў».
Ва Украіне Бандэру ўжо даўно ўшаноўваюць як нацыянальнага героя. Львоўскі абласны савет на сесіі 7 кастрычніка 2008 года заснаваў узнагароду яго імя. Годам раней у горадзе была заснавана журналісцкая прэмія ў яго гонар і ўсталяваны помнік Бандэру.