20 траўня 2024, панядзелак, 4:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аб'ём продажаў новых іншамарак дасягне дна

1

Аб'ём рэгістрацыі новых замежных легкавых аўтамабіляў у 2010 годзе ў Беларусі складзе ўсяго 10-11 тысячаў машынаў, што, як мяркуецца, будзе ніжняй кропкай падзення.

Да такой высновы прыйшлі аналітыкі міжнароднага аўтамабільнага холдынгу «Атлант-М», паведамілі БелаПАН у кіраўніцтве холдынгу.

На думку дырэктара Аддзялення стратэгічнага развіцця холдынгу «Атлант-М» Аляксея Цярэшчанкі, у 2011 годзе рост беларускага рынка верагодны нават у найгоршым сцэнары захавання цяперашняга «статус-кво», бо нарастае істотны патэнцыял «адкладзенай замены» аўтамабіля. У залежнасці ад заканадаўчых зменаў аб'ём рынку ў 2011 годзе складзе ад 12 да 15 тыс. новых замежных аўтамабіляў.

Эксперт адзначыў, што развіццё цывілізаванага аўтарынку ў Беларусі будзе цалкам вызначацца тэрмінамі і рэальнымі крокамі па фарміраванні Мытнага саюза, а затым і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстана. У выпадку захавання ў Беларусі розніцы ў пошлінах не на карысць юрыдычных асобаў рынак новых аўтамабіляў будзе і надалей стагніраваць, а ў аб'ёме імпарту аўтамабіляў пераважная большасць (звыш за 90%) будуць складаць патрыманыя машыны.

Акрамя таго, адзначыў эксперт, нават са сціплага аб'ёму новых аўтамабіляў значная частка будзе набывацца фізічнымі асобамі на рынках суседніх краінаў (у Польшчы, Літве і іншых) і ўвозіцца ў Беларусь па ільготных імпартных пошлінах, фактычна папаўняючы падаткамі бюджэты іншых дзяржаваў.

На думку аналітыкаў холдынгу, цалкам іншы сцэнар чакае беларускі аўтарынак у тым выпадку, калі ўсе дасягнутыя міждзяржаўныя дамоўленасці будуць выконвацца. Гэта азначае, што з 1 ліпеня 2011 года пошліны для фізічных асобаў у Беларусі павінны быць падвышаныя да расейскага ўзроўню, а з 1 студзеня 2013 года (пасля паўтарагадовага «карантыну» для машынаў, увезеных фізічнымі асобамі Беларусі па нізкіх стаўках) мытнае афармленне машынаў, якія перамяшчаюцца паміж Расеяй і Беларуссю, будзе цалкам спыненае. У выніку будзе сфармаваны практычна агульны аўтамабільны рынак у Мытным саюзе, які дзейнічае па адзіных правілах гульні, лічаць «Атлант-М».

Як лічаць аналітыкі холдынгу, структура беларускага аўтарынка, пачынаючы з сярэдзіны 2011 года, пачне хутка пасоўвацца ў бок расейскай - зніжэнне імпарту патрыманых аўтамабіляў, рост увозу новых аўтамабіляў, у тым ліку іншамарак расейскай зборкі. Рынак Беларусі, які зараз знаходзіцца значна ніжэй за свой патэнцыял, будзе дэманстраваць высокія тэмпы росту. З часам верагодны прыток замежных інвестыцыяў, у першую чаргу з Расеі - напрыклад, будаўніцтва дылерскіх цэнтраў у Менску буйнымі расейскімі аўтамабільнымі холдынгамі.

Нагадаем, што ў выніку ўступлення Беларусі ў Мытны саюз стаўкі мытных пошлінаў на ўвазныя аўтамабілі для юрыдычных асобаў зраўняліся з расейскімі. Пры гэтым стаўкі такіх пошлінаў для фізічных асобаў пакуль засталіся ранейшымі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках