Саакашвілі даслаў спецкаманду, каб прызнаць выбары ў Беларусі
69- 15.12.2010, 9:03
Кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў і яго давераная асоба Зміцер Бандарэнка сустрэліся з грузінскімі назіральнікамі.
Для назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі грузінскі бок арганізаваў асобную місію. Грузія не ўваходзіць у СНД, таму яна мае некалькіх прадстаўнікоў у місіі АБСЕ, акрамя таго, каля 50 чалавек будуць спецназіральнікамі толькі ад Грузіі, паведамляе сайт «Еўрапейская Беларусь».
«Мы распавялі пра тое, у якіх умовах, з якімі парушэннямі праходзіць выбарчая кампанія. Пра тое, што людзей прымушаюць удзельнічаць у датэрміновым галасаванні, а ў рэгіёнах выкарыстоўваюць кантрактную сістэму для ціску на дэмакратычных актывістаў. Пра тое, што для каманды Саннікава выбары пачаліся вельмі складана – загінуў адзін з кіраўнікоў штаба, наш сябар Алег Бябенін.
Ад сябе магу з упэўненасцю сказаць – з таго, якія пытанні задавалі гэтыя людзі, як рэагавалі на нашыя словы, відавочна, што яны прыехалі для таго, каб абвясціць гэтыя выбары дэмакратычнымі. Саакашвілі даслаў гэтую спецкаманду для таго, каб падтрымаць дыктатара Лукашэнку. Але немагчыма выратаваць палітычны труп», -- распавёў пра сустрэчу Зміцер Бандарэнка.