Землятрус у Чылі зрушыў зямную вось
11- 2.03.2010, 13:52
Землятрус у Чылі прывёў да нязначнага зруху зямной восі, адносна якой збалансавана наша планета.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Лабараторыі рэактыўнага руху NASA.
Варта адзначыць, што гаворка ідзе не пра вось кручэння Зямлі, а пра вось, адносна якой збалансавана маса планеты, паведамляе РБК.
Адхіленне восі склала прыкладна 3 цалі, гэта значыць, 8 сантыметраў. Таксама зрух зямной кары прывёў да памяншэння працягласці зямных сутак на 1,26 мікрасекунды.
Акрамя таго, спецыялісты лабараторыі адзначаюць, што зрух восі Зямлі пасля чылійскага землятрусу стаўся мацнейшым за зрух ад землятрусу на Суматры ў 2004 г. - тады адхіленне восі ад нормы склала 7 сантыметраў.
Нагадаем, землятрус сілай 8,8 па шкале Рыхтэра адбыўся 27 лютага ў акіяне ля ўзбярэжжа Чылі. Неўзабаве пасля першага землятрусу ў тым жа месцы было зафіксавана некалькі паўторных штуршкоў магнітудай ад 5,4 да 6,9.