26 красавiка 2024, Пятніца, 9:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксей Марачкін: «Я шчаслівы чалавек - спавядаюся на паперы, на палатне»

5
Аляксей Марачкін: «Я шчаслівы чалавек - спавядаюся на паперы, на палатне»

30 сакавіка стваральніку і першаму кіраўніку мастацкай суполкі «Пагоня» Аляксею Марачкіну спаўняецца 70 гадоў.

Пра свой жыццёвы і творчы шлях Аляксей Марачкін распавёў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».

- Аляксей, вы шчаслівы чалавек, у вас два дні народзінаў — 10 і 30 сакавіка. Прынамсі, у розных энцыклапэдыях і даведніках называюцца дзве розныя даты. Адкуль узнікла гэтая блытаніна?

- Так ужо атрымалася, дакументы аб маім дні народзінаў не захаваліся. Калі я пайшоў у школу, дык мяне папрасілі запоўніць анкету. Я ведаў, з якога я года, і месяц сакавік памятаў, ён для мяне быў заўсёды звязаны з Гуканнем вясны, а дату я назваў прыблізную. Потым ужо маці сказала, што я нарадзіўся ў дзень святога Аляксея — Божага чалавека. І тады я вылічыў, што дзень гэты прыпадае на 30 сакавіка. Так што я святкую цэлых дваццаць дзён — ад 10 да 30 сакавіка...

- А ў якім узросце вы канчаткова зразумелі, у чым вашае пакліканне? Скажам, калі вы выкладалі маляванне ў сярэдняй школе вёскі Рубель на Століншчыне, вы ўсведамлялі, што вам трэба ехаць і заваёўваць сталіцу?

- Я гэта абсалютна дакладна ўсведамляў і ведаў, што сталіца ад мяне нікуды не ўцячэ. І мне было абыякава, куды мяне размяркуюць пасля Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. Калі я прыйшоў у дэканат, і мне там сказалі, што мяне накіроўваюць на Палессе, у Рубель, я з радасцю пагадзіўся. Там такая каларытная мова! І калі я прыехаў у той Рубель (а гэта самая вялікая вёска ў Беларусі), дык нават не ўсё разумеў. Скажам, паказваю дзецям свае малюнкі, а яны кажуць: «Як хвайно!». Едучы ў Рубель, я ўжо ведаў, што пайду ў войска. Служыў я ў знакамітых Пячах, дзе спаліў танк, ненаўмысна, вядома. І той танк яшчэ доўга стаяў, абгарэлы. А афіцэры ўвесь час паказвалі: «Вось глядзіце, што нарабіў курсант Марачкін!

- Дык вы яшчэ тады паставілі пад пагрозу абароназдольнасць Савецкага Саюза?

- Яшчэ тады, у 1963 годзе. У войску я быў не толькі танкістам, але і мастаком. Я павінен быў афармляць усялякія «ленінскія пакоі», пісаць на плакатах маральны кодэкс будаўніка камунізму... А гэта была такая нудота! Каб павесяліцца, я часам спецыяльна рабіў памылкі. Напрыклад, на адным плакаце замест: «воин, будь бдителен» я напісаў: «воин, будь спокоен». І ніхто гэтага не заўважыў, бо ніхто тых плакатаў не чытаў. Пакуль я сам не паказаў начальству. За «дывэрсію» мяне адправілі на свінаферму, дзе я дзяжурыў, узброены штыком. Пасля «дывэрсіі» мне аўтамат не давяралі, толькі штык-нож».

- Кажуць, што першую частку жыцця мастак працуе на сваё імя, а другую частку — імя на мастака. Ці дасягнулі вы таго парогу, за якім можна і расслабіцца, бо на вас і за вас працуе вашае імя?

- Пра імя — гэта занадта гучна сказана. Вядомае імя, невядомае... У сённяшняй Беларусі мастак калі і вядомы, то пераважна сярод сяброў і аднадумцаў. Ня буду хаваць, у мастакоўскім асяроддзі ёсць і такія, якія люта мяне ненавідзяць, стараюцца са мной не вітацца, абыходзяць. Зразумела, што праўладныя арганізацыі мяне таксама стараюцца не заўважаюць. Гэта смешна, але бываюць проста недарэчныя выпадкі. Напрыклад, колькі гадоў таму выйшла кніга памяці Міколы Селешчука, і там змешчаны групавы фотаздымак, на якім знакамітыя людзі: Селяшчук, Гаўрыла Вашчанка, Леанід Шчамялёў... Дык мяне з таго здымка... выцерлі! І нікога гэта не абурыла, было спакойна ўспрынята ў нашым Саюзе мастакоў... Што ж, час ва ўсім разбярэцца. Бо акрамя дыктатуры палітычнай, ёсць яшчэ і дыктатура часу, яна будзе дыктаваць і расстаўляць усё па сваіх месцах. Мікалай Халезін, кіраўнік Свабоднага тэатру, вельмі хораша сказаў, што «сённяшняя ўлада не нараджае геніяў». І гэта сапраўды так. Мне часам кажуць: «Аляксей, ты нармальны мастак, маляваў бы кветачкі, краявіды, ня лез бы ў палітыку». Я гэтага не прымаю. Відаць, некаму вельмі хочацца, каб нашыя людзі думалі пра што заўгодна, толькі не пра палітыку. Думалі-гадалі, напрыклад, адкуль узяўся хлопчык Міколка ў нашага правадыра? А дзе яго маці? Вось пра што думайце, а пра лёс Бацькаўшчыны — нельга, бо гэта палітыка... Мне ўзгадваюцца слова Казіміра Малевіча: «Форма — гэта і ёсць змест». Калі я бачу ў «Нашай Ніве» здымак «амапаўца» ў чорнай масцы, дык адчуваю, што чорная форма дыктуе яму і яго «змест». Апраніце ў такую форму вас, мяне, надзеньце маску, прыдушыце нашу вольнасць, і — хочаш не хочаш — нешта нялюдзкае ўчыніць захочацца. Прыйшоў «амапавец» у масцы ў маю майстэню і глуміўся над маімі творамі... Адкрывайце свой твар, гаварыце. Лепш весці дыялог, чым спадзявацца на свае біцэпсы і кулакі.

- Свой знакаміты верш «Начная песня вандроўніка» Гётэ напісаў на дзвярах паляўнічай хаткі. Вы таксама часам малюеце на дзвярах, на прасніцах.

- На гэта мяне натхніў Язэп Драздовіч. Я доўгія гады збіраў яго спадчыну, і калі знаходзіў новы твор, дык глядзеў на другі бок палатна — а што там напісана? А ён запісваў безліч усякай інфармацыі: чый партрэт, пры якіх абставінах маляваў і г.д. І вось я таксама вырашыў і на некаторых творах нібы дзённік пісаў, часам нават вершаваныя радкі. Неяк мой сябра і вучань Мікола Ісаёнак таксама аднойчы нібыта папракнуў: «Ты малюеш нон-канфармісцскія творы, а ўлада ж гэтага не любіць. А я вось пішу краявіды, балотцы, бярозкі». Я пра Міколу склаў такія радкі: «Штодня малюю хмызнякі і застаюся на вякі». А калі я сядзеў на Акрэсціна, то хадзіў туды-сюды па камэры, і раптам бачу — дзверы як твор мастацтва! На іх былі выдрапаныя імёны, нейкія словы... Дзверы тыя, канешне, фарбаваліся, але рэльефы заставаліся. І мне было цікава іх расчытваць. Потым у мяне нарадзілася «Паэма пра Акрэсціна». Так што для творцы нават карысна пабыць у турэмных сценах. Мастацтва — гэта мая споведзь, бо не кожны дзень будзеш хадзіць да святара спавядацца. Мы шчаслівыя людзі — спавядаемся на паперы, на палатне.

- Як ні дзіўна, але ў гісторыі застаюцца і тыя, хто чыніў і памнажаў зло. Той жа Сталін. Як вы лічыце, чаму гісторыя паблажлівая да зла?

- Я думаю, гісторыя да зла не паблажлівая. Яна проста высвятляе мінулыя зацемненыя старонкі. І высвятляе праўдзіва, хоць часам і тэндэнцыйна. У кожнай краіны свая гісторыя, у Беларусі свая, у Расеі свая. Што да Сталіна, дык тут я падтрымліваю Расейскую праваслаўную царкву, якая закляйміла сталінізм як страшэннае зло. Сталін — гэта людаед, ён столькі бязвінных людзей загубіў! Самае гнуснае, праз што мы прайшлі, — гэта пабудова камунізму. «Пралетарыі ўсіх краінаў, яднайцеся!» Каб гэтыя пралетарыі займелі б усясветную ўладу, гэта быў бы хаос, страшнейшы за атамную вайну. Дзякуй Богу, што ўсё гэта «ляснулася». Я лічу, што камуністычная ідэя нараджала зло.

- Ваш сябар Аляксандр Родзін жыве ў Нямеччыне, Алесь Шатэрнік усё даўжэй затрымліваецца ў ЗША... Пры якіх умовах вы таксама змаглі б пакінуць Беларусь?

- Толькі тады, калі мяне выціснуць сілком. Але пакуль я трымаюся, мне тут камфортна, тут мае сябры. Я нават жартую: «Ну, а калі нас усіх пасадзяць? Разам сядзем — добрая кампанія будзе!» Што з таго, што я буду пісаць у Амерыцы ці Нямеччыне свае нон-канфармісцскія творы? Каму яны там патрэбныя? Там гэта можна лёгка рабіць. А сёння ў Беларусі напішы «Плошчу Каліноўскага», ці «Звычайны натурморт», ці «За элегантную победу»... Прабачце, гэта вымагае і мужнасці, і адказнасці за тое, што ты робіш. Я не мазахіст, але дыктатура мяне натхняе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках