Валянцін Стэфановіч: У Беларусі любяць злоўжываць умяшальніцтвам у асабістае жыццё
3- 5.03.2010, 16:38
Праваабаронцы не чакаюць нічога добрага ад права, якое з’явілася ў спецслужбаў, умешвацца ў працу аператараў сувязі.
Юрыст і праваабаронца Валянцін Стэфановіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода» пракаментаваў паведамленне пра тое, што спецслужбы атрымалі доступ да баз аператараў сувязі.
«Нічога добрага ад гэтага дакумента я не чакаю, - сказаў праваабаронца. - У Беларусі любяць злоўжываць такімі рэчамі. Фактычна аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы праводзяцца ў шмат якіх выпадках. Але абсалютна не зразумела, на якіх падставах. І, дарэчы, паводле закону, калі на працягу года супраць кагосьці не распачалі крымінальную справу, то такі чалавек мае права праглядзець усю інфармацыю, якую сабралі адносна яго ў выніку гэтых мерапрыемстваў. Але я такога ніколі не чуў. Спецслужбы адмаўляюцца. Кажуць, што мы нічога такога не праводзілі. Хоць на самай справе такія мерапрыемствы праводзяцца».
Валянцін Стэфановіч адзначае, што для ўмяшання ў асабістае жыццё чалавека і без ўмяшальніцтва спецслужб існуюць асобныя раздзелы Крымінальнага кодэкса Беларусі.
«Што тычыцца праслухоўвання тэлефонаў, выемкі з пошты і гэтак далей, - усё гэта рэгулюецца адпаведнымі законамі, напрыклад, Крымінальным кодэксам і законам «Аб аператыўна-пошукавай дзейнасці». Там выкладзеныя ўсе падставы для гэтага, а таксама напісана, якім чынам гэта рэгулюецца. Паколькі ўсё гэта звязана з умяшальніцтвам у асабістае жыццё чалавека, то гэта павінна санкыянавацца пракурорам у сувязі з нечым. Ці гэта пошукава-аператыўныя мерапрыемствы, ці па узбуджанай крымінальнай справе, якая знаходзіцца ў вытворчасці пэўных суб'ектаў, якія маюць права ажыццяўляць крымінальны пераслед. А такіх у нас у апошні час становіцца ўсё больш», - заявіў эксперт.