18 траўня 2024, Субота, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кампанія «Кажы праўду!» будзе працягвацца

7

Лідэры кампаніі «Кажы праўду!» правялі прэс-канферэнцыю, прысвечаную ўчорашнім разгромам офісаў і ператрусам ў кватэрах актывістаў.

Адзін з лідэраў кампаніі «Кажы праўду!» Аляксандар Уліцёнак заявіў, што ўпершыню стаў сведкам такога маштабнага разгрому ў дачыненні ініцыятывы, якая дзейнічае ўсяго тры месяцы. Па словах эксперта кампаніі Аляксандра Фядуты, ператрусы ў больш чым дваццаці памяшканнях у розных гарадах з задзейнічанне вялікіх сілаў міліцыі прайшлі з інтэрвалам 30-60 хвілін. Прычым, нават следчыя, якія праводзілі ператрус, не ведалі, што яны шукаюць. На думку Аляксандра Фядуты, такая рэакцыя ўладаў з'яўляецца ацэнкай актыўнасці кампаніі, актывісты якой за кароткі перыяд сабралі 10 тысяч подпісаў за перайменаванне мінскай вуліцы Ульянаўская ў вуліцу Васіля Быкава. Яшчэ 900 подпісаў было сабраная ў Гародні.

Лідэр партыі «Справядлівы свет» Сяргей Калякін выказаў занепакоенасць умовамі ўтрымання арыштаваных. «Калі сваякі Сяргея Вазняка прыйшлі да СІЗА, каб перадаць яму перадачу, да іх выйшаў адзін з супрацоўнікаў гэтай установы, які адмовіўся прадставіцца, але сказаў літаральна наступнае: «Вазняк - бандыт, ён сядзіць у кайданках, і перадачы яму не дазволеныя», - распавёў Калякін.

Па словах праваабаронцы Таццяны Процькі крымінальная справа, узбуджаная па артыкуле 250 КК «Распаўсюд ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах» не мае судовай пэрспэктывы, і ўзбуджаная толькі для таго, каб перашкодзіць грамадскай дзейнасці актывістаў кампаніі.

«Нашы «праваахоўныя» органы абапіраюцца не на закон, а на свой жудасны вопыт, назапашаны ў 30-х гадах мінулага стагоддзя», - заявіла Таццяна Процька.

Па словах Фядуты, рэжым узяў новых закладнікаў з мэтай шантажаваць Захад, але, на яго думку, Захад не будзе праяўляць такую мяккасць, як гэта было раней.

Намеснік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін заявіў, што такія маштабныя рэпрэсіі з боку ўладаў - звычайны фашызм.

Па словах лідэраў кампаніі, падчас ператрусаў былі канфіскаваныя ўсе кампутары, аргтэхніка і сродкі сувязі, але яны заявілі, што дзейнасць кампаніі працягнецца, і перш за ўсё, з мэтай дамагчыся вызвалення сваіх арыштаваных таварышаў Уладзіміра Някляева, Андрэя Дзмітрыева і Сяргея Вазняка.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках