Чарговая аварыя з удзелам машыны картэжа дыктатара? (Фота)
33- 3.09.2010, 14:19
У Менску сутыкнуліся аўтамабіль Citroen Xantia і пазадарожнік Lexus з мігалкамі.
На форуме партала Onliner.by, прысвечаным аўтааварыям, 1 верасня былі выкладзеныя фатаздымкі ДТЗ на вуліцы Гарэцкага. На фота - аўтамабіль Citroen Xantia з пашкоджаным перадам і джып Lexus з мігалкамі, падобны на аўто з картэжа беларускага кіраўніка, піша «Наша Ніва».
Ва Упраўленні ДАІ ГУУС Менгарвыканкама паведамілі, што гэтае дарожна-транспартнае здарэнне імі не фіксавалася. «Праз упраўленне праходзяць толькі ДТЗ з пацярпелымі. Калі іх няма, дык такія справы разглядаюцца і фіксуюцца па месцы здарэння», - патлумачыў дзяжурны.
У Фрунзенскім РУУС пацвердзілі факт здарэння. Пры гэтым дадалі, што акалічнасці аварыі стануць вядомыя не раней, чым праз месяц, бо для іх высвятлення прызначаная экспертыза. Кім былі ўдзельнікі аварыі, і хто з іх вінаваты ў тым, што здарылася, стане вядома пасля завяршэння экспертызы.
Адна з апошніх аварыяў з удзелам аўто з картэжа Лукашэнкі, пра якую стала вядома прэсе, здарылася 6 чэрвеня 2006 года. На скрыжаванні вуліцаў Першамайскай і Чырвонаармейскай чорны мікрааўтобус з таніраваным шклом з картэжа сутыкнуўся з аўтамабілем «Пежо». Пацярпеў кіроўца легкавіка.
Ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Менгарвыканкама тады таксама заявілі, што здарэнні ў тым месцы не фіксавалася.


