1 лiпеня 2024, панядзелак, 16:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расейцы скупляюць у Беларусі танныя інамаркі

17

На расейска-беларускай мяжы выявілася шчыліна, праз якую ў РФ ідуць танныя аўто.

Розніца ў кошце выказваецца шасці-, а для дарагіх аўтамабіляў - сямізнакавымі лічбамі, піша газета «Ведомости».

Перад запускам Мытнага саюза расейскія чыноўнікі не раз заяўлялі, што не дапусцяць увозу ў Расею танных інамарак з Беларусі. Справа ў тым, што пошліны на імпарт аўтамабіляў у Беларусі былі ніжэйшыя, чым у Расеі. З 1 студзеня 2010 года для юрыдычных асобаў яны былі падвышаныя да ўзроўню расейскіх, а для фізічных засталіся на ранейшым узроўні.

Расейскія дылеры асцерагаліся, што фізасобы ўвязуць у Беларусь вялікую колькасць аўтамабіляў для перапродажу. Яны так і зрабілі: паводле дадзеных Белстата, за першае паўгоддзе 2010 года грамадзяне імпартавалі ў Беларусь 113 800 інамарак - на 60% больш, чым у той жа перыяд 2009 г. Але гэта было ўлічана: расейскі бок агаварыў, што, калі аўтамабіль увезены ў Беларусь фізасобай па нізкай пошліне, пры ўвозе ў Расею трэба даплаціць розніцу.

Аднак, паводле ліста Федэральнай мытнай службы РФ ад 19 ліпеня 2010 г. № 01-11/35237 «Аб здзяйсненні мытных аперацый і мытным кантролі аўтамабіляў для асабістага карыстання, якія перамяшчаюцца праз расейска-беларускі ці расейска-казахстанскі ўчасткі дзяржаўнай мяжы Расейскай Федэрацыі», у Расею можна бяспошлінна ўвозіць патрыманыя аўтамабілі, калі ў Беларусь яны былі ўвезеныя да 1 студзеня 2010 года (і адпавядаюць нормам «Еўра-4»).

Новыя аўтамабілі, размытненыя ў Беларусі юрасобай (напрыклад, афіцыйным дылерам), можна ўвозіць у Расею ўвогуле без абмежаванняў - і, як аказалася, гэта вельмі выгадна. Справа ў тым, што ў Беларусі паводле ўказа Лукашэнкі ад 24 лістапада 2005 г. № 546 ПДВ у 20% налічваецца толькі на розніцу паміж закупным і адпускным коштам аўтамабіля. А ў Расеі ПДВ у 18% налічваецца на поўны рознічны кошт аўтамабіля.

Самі дылеры ў выніку плацяць дзяржаве прыкладна аднолькавую суму (з улікам таго, што расейскія атрымліваюць потым вылік), але пакупнікі аддаюць беларускай дзяржаве істотна менш, чым расейскай, тлумачыць кіраўнік партнёр менскага офіса юрфірмы Magisters Дзяніс Туравец. Так, машына адпускным коштам у 10 000 даляраў пры пошліне ў 30%, дылерскай маржы ў 2000 даляраў і супастаўных падатковых плацяжах у Расеі будзе каштаваць 17 700 даляраў, а ў Беларусі - 15 400, падлічыў партнёр Goltsblat BLP Уладзімір Чыкін.

Розніца ў ПДВ атрымліваецца істотнай, пацвярджаюць топ-менеджэры трох беларускіх афіцыйных дылераў. Чым даражэйшы новы аўтамабіль, тым, натуральна, выгадней набываць яго ў Беларусі. Напрыклад, Volkswagen Touareg з дызельным рухавіком 4,8 л у маскоўскім салоне групы «Атлант-М» каштуе 2,913 млн рублёў (базавая камплектацыя), а ў менскім цэнтры гэтай жа кампаніі - прыкладна на 340 000 рублёў танней (84 208 даляраў).

А BMW X6 xDrive35i ў менскай «Баварыі мотарс» каштуе 60 600 еўра, што прыкладна на 744 000 рублёў ніжэй за кошт гэтай мадэлі ў расейскіх дылераў (3,136 млн рублёў). Porsche Cayenne Turbo ў Беларусі прыкладна на 2,39 млн рублёў (больш за 60 000 еўра) танней, чым у Расеі, дзе гэты аўтамабіль каштуе ад 7 млн рублёў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках