19 красавiка 2024, Пятніца, 21:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дэпутаты Еўрапарламента ў знак салідарнасці павязалі бел-чырвона-белыя шалікі (фота)

158

Сёння ў Еўрапарламенце прайшлі слуханні па Беларусі, на якіх змаглі выступіць прадстаўнікі дэмакратычнага руху Беларусі.

У канцы пасяджэння ў знак салідарнасці з вязнямі КДБ і беларусамі, якія змагаюцца за свабоду і незалежнасць нашай краіны, дэпутаты павязалі бел-чырвона-белыя шалікі.

Еўрапарламентарыі заклікалі Еўразвяз прыпыніць выдачу віз беларускім чыноўнікам, адказным за парушэнні ў ходзе прэзідэнцкіх выбараў. Пра гэта гаворыцца ў сумесным заключэнні ўдзельнікаў дыскусіі, якая прайшла ў межах пасяджэння камітэта па замежных справах Еўрапарламента ў Брусэлі 12 студзеня, паведамляе БелаПАН.

Прадстаўляючы дакумент, кіраўнік камітэта па замежных справах Габрыэль Альбярцін адзначыў: прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі не адказвалі міжнародным стандартам. Еўрапарламентарыі асудзілі рэпрэсіі ў дачыненні да мірных дэманстрантаў 19 снежня ў Менску, а таксама арышты і затрыманні ў Беларусі. Яны заклікаюць ЕЗ перагледзець адносіны з Беларуссю.

Удзельнікі дыскусіі прапанавалі падоўжыць візавыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў да вызвалення палітычных зняволеных. Пры гэтым кошт віз для звычайных грамадзянаў Беларусі прапануецца знізіць.

Еўрапарламентарыі таксама прапануюць Еўразвязу аказаць фінансавую падтрымку беларускім СМІ і НДА, падтрымаць грантамі студэнтаў з Беларусі.

Акрамя гэтага, прапанавана перагледзець парламенцкія адносіны з Беларуссю ў межах Парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства (Еўранэст).

Еўрапарламентарыі таксама асудзілі закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску.

Старшыня Еўрапарламента Ежы Бузек ў ходзе дыскусіі падкрэсліў: ЕЗ павінны загаварыць адзіным голасам і патрабаваць вызвалення беларускіх палітвязняў. "Варта памятаць словы Евы Някляевай пра тое, што ў нас ёсць ключы ад турмы, дзе знаходзіцца ейны бацька", - сказаў ён.

Сярод прапановаў, якія заслугоўваюць увагі, кіраўнік Еўрапарламента адзначыў заклік да правядзення ў Беларусі паўторных выбараў.

Бузек, у сваю чаргу, прапанаваў выключыць Беларусь з міжнародных спартыўных мерапрыемстваў - такіх як Алімпіяда і Кубак свету.

Ён таксама прапанаваў адправіць у Беларусь місію, каб расследаваць падзеі, звязаныя з прэзідэнцкімі выбарамі, і абмеркаваць беларускую сітуацыю на сесіі ў Страсбургу на наступным тыдні. Варта абмеркаваць і пытанні супрацоўніцтва з Беларуссю ў межах Еўранэста, лічыць Бузек.

Пра важнасць падтрымкі грамадзянскай супольнасці Беларусі казаў у сваім выступе еўракамісар па пытаннях пашырэння і Еўрапейскай палітыкі добрасуседства Штэфан Фюле. Еўразвяз, па яго словах, павінен "адкрыць каналы прамой дапамогі НДА, СМІ і студэнтам, а таксама аблегчыць для беларусаў магчымасці паездак у ЕЗ".

"Улады павінныя неадкладна вызваліць затрыманых і спыніць крымінальную справу ў дачыненні да іх, калі жадаюць пазбегнуць санкцый. Гэта пытанне некалькіх дзён, а не тыдняў", - падкрэсліў еўрапейскі палітык.

Чакаецца, што сітуацыя ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў будзе абмяркоўвацца на сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ў Страсбургу 24-28 студзеня.

Палітычнае рашэнне Еўразвяза аб санкцыях у дачыненні беларускіх чыноўнікаў павіннае быць прынята 31 студзеня на нарадзе міністраў замежных спраў краін ЕЗ.

Напісаць каментар 158

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках