Сікорскі: Лукашэнку час задумацца пра лёсы іншых дыктатараў
16- 10.10.2011, 10:43
Еўразвяз, і ў прыватнасці Польшча, «не павінныя байкатаваць Лукашэнку», лічыць кіраўнік МЗС Польшчы.
Ён лічыць, што беларускага афіцыйнага лідэра варта «заахвочваць, калі ён зрабіў нешта станоўчае, і караць, калі зрабіў нешта насуперак еўрапейскім каштоўнасцям».
Такую заяву міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі зрабіў у інтэрв'ю БелаПАН.
Еўразвязу неабходна працягнуць ў адносінах да Менску «палітыку выстаўлення умоваў», падкрэсліў кіраўнік польскай дыпламатыі. «Калі Лукашэнка выпускае людзей з турмаў і саслабляе гайкі, як гэта было перад выбарамі 2010 года, то мы з ім размаўляем, прапануем працягваць такі курс. Калі ён саджае сваіх апанентаў у турмы - тады трэба накладаць санкцыі», - растлумачыў Сікорскі.
На пытанне, ці не падаецца яму, што ў аб'яднанай Еўропы няма дзейсных рычагоў уплыву на Беларусь, міністр замежных справаў Польшчы, што старшынюе ў ЕЗ, у прыватнасці, адказаў: «Найбольшы ўплыў на падзеі ў Беларусі маюць самі беларусы. Зараз сітуацыя ў Беларусі кантралюецца прэзідэнтам і ягоным асяроддзем, а нам хацелася б, каб яе кантраляваў беларускі народ».
На думку Сікорскага, «лёс дыктатараў, якія ў апошнія месяцы страцілі ўладу» - падстава задумацца для беларускага кіраўніцтва.
На пытанне, ці лічыць Сікорскі, што беларускі рэжым здольны мяняцца, дэмакратызавацца, кіраўнік МЗС Польшчы адказаў: «Лукашэнку яшчэ не позна пайсці шляхам Ярузельскага, які цяпер жыве ў сваёй краіне і якога нядаўна наведаў у лякарні Лех Валенса».
Пры гэтым польскі міністр назваў «лухтой» заявы беларускага кіраўніцтва аб тым, што жорсткая палітыка Варшавы ў дачыненні да афіцыйнага Менска тлумачыцца прэтэнзіямі Польшчы на значную частку беларускай тэрыторыі.
Сікорскі паведаміў, што польскі МЗС мае намер 10 кастрычніка выклікаць амбасадара Беларусі і заявіць яму рашучы пратэст, паколькі «мы не можам памяркоўна ставіцца да такіх нічым не абгрунтаваных выказванняў».
Раней Аляксандр Лукашэнка на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў 7 кастрычніка заявіў, што палякі з'яўляюцца «запяваламі» жорсткай палітыкі ЕЗ у дачыненні да беларускага кіраўніцтва, паколькі «спяць і бачаць, што мяжа каля Менска праходзіць».