Часткі Расонскага ідала завезлі ў Германію
9- 10.10.2011, 11:51
Замежныя навукоўцы дапамогуць больш дакладна вызначыць ягоны ўзрост.
Нямецкія навукоўцы дапамагаюць вызначыць век драўлянага ідала, які ўлетку быў знойдзены ў Расонскім раёне. Нагадаем, тады менскія дайверы разам з полацкімі археолагамі паднялі з ракі Дрыса драўляную фігуру, якой, як меркавалася, каля тысячы гадоў. Ідала прывезлі ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук, а навукоўцы з Інстытута эксперыментальнай батанікі на працягу месяца збіраліся вызначыць узрост самога дуба, перадае «Еўрарадыё».
Аднак у выніку спатрэбілася дапамога замежных спецыялістаў. Эксперыментальныя матэрыялы ў Германію завёз дэндрахранолаг Максім Ярмохін. Пра гэта распавяла загадчыца цэнтрам гісторыі даіндустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі Вольга Ляўко:
«Ён павёз свае эксперыментальныя матэрыялы ў Германію для таго, каб там яшчэ раз іх праверыць. Таму ніякай новай інфармацыі ў мяне няма. Я чакаю пісьмовых заключэнняў».
Максім Ярмохін выказаў надзею на тое, што нямецкія навукоўцы дапамогуць больш дакладна вызначыць узрост ідала, які можа быць нават старэйшых за IX стагоддзе:
«Можа быць, яны дапамогуць з датаваннем. Паглядзім, што атрымаецца... Ён можа быць як ад сённяшніх гадоў, так і да IX стагоддзя... Магчыма нават, і раней. Недзе там ён знаходзіцца. Але дзе - пакуль казаць рана».