735 тысяч штрафу за акцыю салідарнасці з Бяляцкім
3- 10.10.2011, 14:41
10 кастрычніка ў судзе Ленінскага раёна Гродна працягнуўся разгляд адміністрацыйнай справы мясцовага праваабаронца Віктара Сазонава.
Нагадаем, што Віктар Сазонаў быў затрыманы 23 жніўня падчас распаўсюджвання жыхарам горада над Нёманам спецыяльных бюлетэняў і ўлётак аб утрыманні ў зняволенні лідэра праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага. У той жа дзень у працоўным памяшканні Сазонава быў праведзены ператрус, канфіскаваныя два сістэмныя блокі кампутараў, футболкі з выявай Бяляцкага, розныя інфармацыйныя выданні, праваабарончая літаратура. Пазней быў складзены пратакол па артыкуле адміністрацыйнага кодэкса нібыта за незаконны выраб і незаконнае распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі.
Судовы разгляд справы суддзёй Ксеніяй Стасюкевіч пачаўся яшчэ 21 верасня, але быў перанесены ажно на 10 кастрычніка. Сёння Віктара Сазонава прысудзілі да штрафу - ён павінен выплаціць 21 базавую велічыню (735 тысяч беларускіх рублёў). Праваабаронца не згодны з такім прысудам, ён лічыць, што па Канстытуцыі кожны грамадзянін краіны мае права на атрыманне і вольнае распаўсюджванне інфармацыі.