Журналіста абвінавачваюць у нецэнзурнай лаянцы
13- 10.10.2011, 17:51
Разгляд справы глыбоцкага журналіста Канстанціна Шыталя перанесены судом у Міёрах (Віцебская вобласць) на 17 кастрычніка.
Пра гэта паведаміла прэс-служба аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), актывістам якога з'яўляецца Шыталь, перадае БелаПАН.
Журналіст інфармацыйнага сайта westki.info быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў прыгарадзе Міёры 7 кастрычніка прыкладна ў 17.00. На аўтамабілі ён накіроўваўся з Глыбокага ў Дзісну. За 5 км да Міёраў аўтамабіль Шыталя спынілі супрацоўнікі ДАІ. Яны паведамілі, што журналіст затрыманы для праверкі, ці не звязаны ён з крымінальным эпізодам, які здарыўся на дарозе Глыбокае - Шаркаўшчына, дзе нібы абрабавалі машыну. Шыталь абвінавачваецца ў тым, што на просьбу прад'явіць дакументы ён адказаў лаянкай.
Журналіст знаходзіўся пад вартай, аднак сёння быў адпушчаны. Перапынак у судовым пасяджэнні быў выкліканы неабходнасцю азнаямлення з паказаннямі супрацоўнікаў ДАІ з Шаркаўшчыны.
«Мне відавочна, што мяне хацелі ізаляваць перад Народным сходам, што і было зроблена», - сказаў Шыталь. Ён не выключае, што 17 кастрычніка будзе прызнаны вінаватым і аштрафаваны.