Дзікае паляванне ў Крупках: 50 пацярпелых
338- 21.11.2011, 15:30
Сёння раніцай у рэдакцыю было тэлефанаванне.
Тэлефанавалі з невялікага раённага гарадка Крупкі. Жанчына, якая прадставілася Тацянай, усхваляваным голасам распавяла пра дзіўнае здарэнне, што мела месца ў мінулыя выходныя, паведамляе zapraudu.info.
- Два дні, пачынаючы з вечара пятніцы, у нас у Крупках адбывалася нешта дзікае і незразумелае. 18 лістапада ў горадзе аднекуль з'явіўся міліцэйскі «аўтазак» і нарады менскіх спецназаўцаў. Яны пачалі ўрывацца на дыскатэкі і ў вячэрнія клубы. Там пачалі хапаць практычна ўсіх маладых людзей, якія трапляліся ім пад руку, збіваць дубінкамі і нагамі, грузіць у машыны і адвозіць у аддзяленне мясцовай міліцыі.
- Можа, гэта было выклікана нейкімі парушэннямі грамадскага парадку з боку адпачывальнікаў?
- Не, усё было спакойна, ніякіх эксцэсаў не назіралася. Ды і маладыя людзі, якіх хапалі спецназаўцы, паводзілі сябе цалкам адэкватна. Так, напрыклад, адзін мой знаёмы малады чалавек, сам у нядаўнім мінулым выпускнік Акадэміі міліцыі, задаў ашалелы міліцыянтам пытанне: «На якой падставе вы затрымліваеце людзей?» За што атрымаў па галаве. Іншага знаёмага, а ён па нацыянальнасці ліванец, затрымалі толькі за тое, як выказаўся адзін з міліцыянтаў, што ён «чурка». З менскімі спецназаўцамі быў і намначальніка Крупскага РАУС.
- А як вы думаеце, чым выкліканыя такія дзеянні міліцыі?
- Не ведаю. Магчыма, улада спрабуе прэвентыўна запалохаць насельніцтва вось такімі бессэнсоўнымі аблавамі і збіццём. Можа, трэніруюцца. Бо пасля таго, што здарылася на выходных, усе жыхары Крупак засмучаныя і напалоханыя. Затрымана больш за 50 чалавек. Зараз ідуць адміністрацыйныя суды. А шматлікія ўжо ў адкрытую кажуць, што ў гэтай краіне, дзе хапаюць сярод белага дня мірных грамадзянаў, рабіць няма чаго і час з'яжджаць адсюль.