19 траўня 2024, Нядзеля, 4:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: «У нашых сілах разбурыць турму ў цэнтры Еўропы»

149
Наталля Радзіна: «У нашых сілах разбурыць турму ў цэнтры Еўропы»

Рэдактарцы сайта charter97.org Наталлі Радзінай уручаная ў Нью-Ёрку аўтарытэтная міжнародная ўзнагарода «За свабоду прэсы».

Прэмія прысуджаная Камітэтам па абароне журналістаў. Цырымонія ўручэння ўзнагароды адбылася 22 лістапада ў Grand Ballroom гатэля Waldorf Astoria ў Нью-Ёрку.

Разам з Наталляй Радзінай прэстыжную прэмію атрымалі журналісты з Бахрэйна, Мексікі і Пакістана.

Прэмія «За свабоду прэсы» з'яўляецца штогадовым прызнаннем мужнасці, якую праяўляюць журналісты.

Усе лаўрэаты, сярод якіх Наталля Радзіна (charter97.org, Беларусь), Мансур аль-Джамры (Al-Wasat, Бахрэйн), Хаўер Артура Валдэс Кардэнас (Ríodoce, Мексіка) і Умар Чыіма (The News, Пакістан), за сваю працу сутыкнуліся з абвінавачваннямі і пагрозамі ў розных формах, уключна з пераследам, абразамі, пагроза фізічнага гвалту, выкраданнямі, катаваннямі і цэнзурай. На цырымоніі ў гэтым годзе была таксама ўручаная прэмія вядомаму азербайджанскаму журналісту Эйнуле Фатулаеву, які не змог атрымаць ўзнагароду ў 2009 годзе, паколькі знаходзіўся ў турме па сфабрыкаваным абвінавачванні.

22 лістапада ў бальнай зале Waldorf Astoria ў Нью-Ёрку сабраліся каля 1000 чалавек: вядомыя журналісты, праваабаронцы, грамадскія дзеячы, прадстаўнікі медыя-індустрыі, навукоўцы і фінансісты. Сярод іх - прадстаўніца АБСЕ па свабодзе слова Дуня Міятавіч, легенда амерыканскай журналістыкі Дэн Разер, які атрымаў ўзнагароду за ўклад у журналістыку Burton Benjamin Memorial Award, журналіст Reuters Дэвід Радэ, які больш за 7 месяцаў знаходзіўся ў палоне ў талібаў у Афганістане, ваенны карэспандэнт Тэры Андэрсан, які больш за 6 гадоў знаходзіўся ў закладніках у «Хезбала», лаўрэаты Пулітцэраўскай прэміі Пол Стайгер, Джош Фрыдман, Дын Бакей і іншыя.

Мерапрыемства вялі тэлевядучая ABS News Крысціян Аманпур і вядучы канала NBС News Браян Уільямс.

Наталля Радзіна атрымала прэмію з рук вядомай амерыканскай журналісткі Эн Гарэлс, якая шмат гадоў працавала ў Іраку, Аўганістане і былой Югаславіі.

Выступ Радзінай прысутныя ў зале віталі стоячы.

Прыводзім тэкст выступу рэдактаркі charter97.org на цырымоніі ў Нью-Ёрку:

Паважаныя спадары і спадарыні,

Я - беларуска. Мая краіна - Беларусь - знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. На жаль, я ўпэўненая, што многія ведаюць пра яе вельмі мала. Значна больш вы ведаеце пра Іран, Ірак і Афганістан.

Бяда маёй краіны ў тым, што ў ёй няма нафты, і яна не ўключаная ў стратэгічныя інтарэсы Захаду. Але там жывуць 10 мільёнаў чалавек, якія штодня, штогадзіны і штохвілінна пакутуюць ад дыктатуры.

Беларуссю 17 гадоў кіруе тыран Аляксандр Лукашэнка. Ён ўзурпаваў уладу, знішчыў ўсе свабоды і правы грамадзянаў, забівае і кідае ў турмы свой народ.

На радзіме, у Беларусі, за працу незалежным журналістам я падвяргалася крымінальнаму пераследу і апынулася ў турме.

Мне давялося бегчы з роднай краіны, каб мець магчымасць працягваць сваю працу. Але я не хачу гаварыць пра сябе. Я перажыла гэта і сёння тут, з вамі, у Нью-Ёрку, атрымліваю прэстыжную журналісцкую прэмію.

Але многія беларускія журналісты не дажылі да сённяшняга дня.

Гэта Алег Бябенін, заснавальнік сайта Хартыя-97, які я рэдагую. Алега знайшлі павешаным напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у 2010 годзе.

Гэта журналістка Вераніка Чаркасава, якую знайшлі мёртвай з 25 нажавымі раненнямі адразу пасля парламенцкіх выбараў 2004 года.

Гэта журналіст Зміцер Завадскі, выкрадзены і забіты напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года.

Гэта выкрадзеныя і забітыя апазыцыйныя лідэры і грамадскія дзеячы Віктар Ганчар, Генадзь Карпенка, Анатоль Красоўскі, Юрый Захаранка, Анатоль Майсеня.

Сёння ў беларускіх турмах падвяргаюцца катаванням і бесчалавечнаму абыходжанню палітвязні.

Я хачу назваць імёны некаторых з іх. Хай вы іх не запомніце, але гэтыя імёны павінныя прагучаць з трыбуны ў Нью-Ёрку. Можа, там, за акіянам, у камерах страшных беларускіх турмаў ім стане крыху лягчэй дыхаць.

Андрэй Саннікаў, Зміцер Бандарэнка, Мікалай Статкевіч, Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, Мікалай Аўтуховіч, Алесь Бяляцкі...

У мяне няма часу назваць імёны ўсіх. Уся Беларусь сёння - вялікая турма. І гэтая турма працягвае існаваць 17 гадоў, у тым ліку, з-за абыякавасці людзей.

Сёння мы назіраем, як бурацца дыктатуры ва ўсім свеце. У нашых сілах разбурыць і турму ў цэнтры Еўропы.

Толькі мяне адну ратавалі ад турмы ў Беларусі ЗША, Еўразвяз, і Расея. Мой прыклад паказвае, што сумеснымі намаганнямі можна дамагчыся любой мэты.

Калі ласка, не забывайцеся на Беларусь. У маёй краіне жывуць 10 мільёнаў чалавек, і яны спадзяюцца на вашую дапамогу.

Дзякуй.

З Дэнам Разерам

З прадстаўніцай АБСЕ па свабодзе слова Дуняй Міятавіч і Эйнулой Фатулаевым

Лаўрэаты прэміі Камітэта абароны журналістаў з Дэнам Разерам

З Эн Гарэлс

Фота - Музафар Сулейманаў

Напісаць каментар 149

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках