19 красавiка 2024, Пятніца, 1:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як забівалі Андрэя Саннікава. Сведчанні відавочцаў (Відэа, фота)

106
Як забівалі Андрэя Саннікава. Сведчанні відавочцаў (Відэа, фота)

Кандыдат у прэзідэнты Беларусі Андрэй Саннікаў ўжо 50 дзён знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Ад яго няма лістоў, стан ягонага здароўя невядомы.

Падчас жорсткага разгону акцыі пратэсту 19 снежня на плошчы Незалежнасці Андрэй Саннікаў быў моцна збіты. Калі яго везлі пасля збіцця ў лякарню, машыну спынілі. Саннікава з ужываннем сілы выцягнулі і арыштавалі. Тады ж была схопленая жонка лідэра апазыцыі Ірына Халіп. Журналіста Іллю Кузняцова, які падвозіў Саннікава і Халіп на сваёй машыне, арыштавалі на 15 сутак. Ірына Халіп пасля 40 дзён СІЗА жыве пад хатнім арыштам. Андрэй Саннікаў працягвае знаходзіцца за кратамі.

Сёння мы прыводзім сведчанні відавочцаў збіцця Андрэя Саннікава на плошчы Незалежнасці, за гадзіну да арышту.

Ігар С., актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

- Калі пайшоў кардон з салдатаў унутраных войскаў, мы стаялі побач з Андрэем. На нас пайшлі салдаты з жалезнымі шчытамі. Мы апынуліся сціснутымі з двух бакоў - з аднаго боку войскі, з другога - дэманстранты. Праз 10-15 хвілін пачулі загад «Біць!». Натоўп пачаў падціскаць ззаду, людзі пачалі падаць. Андрэй таксама ўпаў. Лёня Навіцкі, які быў побач, лёг на яго зверху, каб закрыць ад удараў. Лёню адкідвалі і білі Андрэя. Білі дубінкамі, калі Андрэй ляжаў. Білі па ўсім целе, па галаве. Андрэй закрываўся рукамі. Да яго нікога не пускалі, каб людзі не маглі абараніць Саннікава.

Леанід Навіцкі, актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь»:

- Салдаты ўнутраных войскаў з жалезнымі шчытамі сталі наступаць. Я спрабаваў правесці праз натоўп Ірыну і Андрэя. Але людзей было вельмі шмат, пачалася цісканіна. Сталі ціснуць шчыты. Потым сталі біць дубінкамі па галовах. Андрэй упаў, потым побач упала Ірына. На мне была апранутая бронекамізэлька, я накрыў іх сваім целам, каб ім менш дасталося. Па нас прайшліся нагамі зверху. Салдаты ішлі шарэнгай, не расступіліся. Наступалі на рукі, на ногі, рабілі ўдары па галаве.

Я спытаў потым Андрэя: як ён упаў? Ён распавёў, што нехта схапіў за нагу і вывярнуў, каб ён паваліўся. Рана была сур'ёзная, ён не мог потым ступіць на нагу.

Было адчуванне, што Саннікава шукалі ў натоўпе і хацелі збіць. Мэтанакіравана білі. Андрэю стала дрэнна, я думаў, што ён без прытомнасці, ён ляжаў з заплюшчанымі вачыма ... Пачаў яго трэсці, тады ён сказаў, што жывы, але нага моцна пашкоджаная.

Мы з Ірынай дапамаглі яму дайсці да Чырвонага касцёла.

- Журналіст Ілля Кузняцоў распавёў БАЖ, што ён дапамагаў вам даехаць да шпіталя ...

- Так, мы сустрэлі яго каля касцёла, і ён прапанаваў давезці на сваёй машыне да лякарні. Мы паспелі даехаць да плошчы Перамогі, дзе нас заблакавалі аўтамабілі ДАІ. Мяне, Іллю, Андрэя Алегавіча і Ірыну, якая ў гэты момант вяла прамы рэпартаж для радыё "Эхо Москвы", выкінулі з машыны. Андрэй Алегавіч не мог самастойна стаяць, мінакі кінуліся на дапамогу кандыдату ў прэзідэнты. Я бачыў, як на снег павалілі нейкага хлопца, надзелі на яго кайданкі, мінакі крычалі "Ганьба!". Пасля Андрэя Алегавіча і Ірыну запхалі ў нашу машыну і павезлі на Акрэсціна. Я з Іллём паехаў на Акрэсціна з экіпажам ДАІ. Па рацыі мы чулі, як аддаваліся загады аб затрыманні груп людзей у цэнтры горада, на прыпынках, проста мінакоў. Чулі, як паступіў загад затрымаць "Пежо" каля Галоўпаштамта. У машыне знаходзіўся Статкевіч.

- Спачатку Андрэя Алегавіча адвезлі на Акрэсціна?

- Так. Калі нас прывезлі туды, ён ужо знаходзіўся там, я дапамог яму дайсці да "прылазніка", там дзе трымалі арыштаваных. Саннікаву не давалі сесці, ён з цяжкасцю стаяў на нагах. Так яго трымалі каля гадзіны. Мы патрабавалі аказаць яму мэдычную дапамогу, у турме была толькі медсястра. Потым нас развялі па камерах, а яго павезлі ў КДБ.

Аб стане здароўя кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава нічога невядома з 29 снежня, пасля прад'яўлення абвінавачвання, калі яго бачыў адвакат.

Адвакат Павал Сапелка:

Віктар Навіцкі, актывіст «Еўрапейскай Беларусі»:

- Я адразу быў збіты з ног. Але адразу зразумеў - збіццё было мэтанакіраваным. Хацелі збіць менавіта Саннікава. Нас адціскалі да пэўнага моманту. Потым накінуліся з дубінкамі, сталі біць нагамі ...

Напісаць каментар 106

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках