Расейцаў абвінавачваюць у тым жа - у «масавых беспарадках» (Відэа)
20- 1.03.2011, 10:28
Дзяржаўны абвінаваўца прад'явіў грамадзянам РФ Арцёму Брэўсу і Івану Гапонаву «новае» абвінавачванне.
Яны па-ранейшаму абвінавачваюцца ва ўдзеле ў так званых масавых беспарадках у Менску 19 снежня.
Як перадае «Інтэрфакс-Захад», дзяржабвінаваўца зачытаў новае абвінавачванне, на падставе якога А. Брэўс і І. Гапонаў абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 «масавыя беспарадкі» Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Як паведамлялася, 22 лютага дзяржаўны абвінаваўца папрасіў суд зрабіць перапынак для таго, каб падрыхтаваць новае абвінавачанне А. Брэўсу і І. Гапонаву.
А. Брэўс і І. Гапонаў былі затрыманыя ў дзень выбараў прэзідэнта Беларусі 19 снежня 2010 года на плошчы Незалежнасці ў Менску. У ноч на 30 снежня яны ў ліку 11 расейцаў былі адпушчаныя на волю. Тады яны абвінавачваліся ў адміністрацыйным правапарушэнні. Аднак праз гадзіну пасля вызвалення яны былі затрыманыя ў межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Пры гэтым грамадзяне РФ сваю віну адмаўляюць.
Пазней А. Брэўсу і І. Гапонаву змянілі прад'яўленае раней абвінавачванне з арганізацыі масавых беспарадкаў на ўдзел у іх.
Пакаранне па гэтым артыкуле прадугледжвае пазбаўленне волі тэрмінам ад трох да васьмі гадоў. Следчым упраўленнем ГУУС Менска было адмоўлена ў хадайніцтве адвакатаў грамадзян РФ А. Брэўса і І. Гапонава аб спыненні крымінальнай справы ў дачыненні да іхніх падабаронных.
Сёння ў Менску таксама пачаліся яшчэ чатыры суда па справе аб масавых беспарадках. У Фрунзенскім судзе Менска прызначана тры судовыя працэсы па справе аб масавых беспарадках. Будзе слухацца справа па абвінавачванні ва ўдзеле ў масавых беспарадках Аляксандра Атрошчанкава - прэс-сакратара кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Таксама ў судзе Фрунзенскага раёна Менска прызначаны разгляд крымінальных справаў Зміцера Новіка, Аляксандра Малчанава, якія абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
У судзе Маскоўскага раёна Менска 1 сакавіка пачнецца разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да змешчанага пад варту Зміцера Мядзведзя.