Жонка прэзідэнта Польшчы паразмаўляла з маці Ірыны Халіп
10- 1.03.2011, 14:20
Жонка прэзідэнта Польшчы Ганна Камароўская патэлефанавала Люцыне Бяльзацкай, маці беларускай журналісткі і жонкі Андрэя Саннікава Ірыны Халіп.
«Ганна Камароўская сказала, што падтрымлівае нас, пыталася пра тое, якую яна можа дапамогу нам аказаць. Я сказала, што для нас вялікая падтрымка - гэта тое, што Польшча і ўвесь цывілізаваны свет нас падтрымліваюць і цікавяцца нашай сітуацыяй. Яшчэ яна цікавілася справамі Ірыны, як яна сябе адчувае. Я казала, што Ірына - моцная жанчына. Ганна Камароўская ўсё ведала пра ўмовы, у якіх знаходзіцца Ірына, пра Даньку. Яна сказала, што тое, што Іра - моцная, бачна па ейных паводзінах, па ейных адносінах да ўсяго.
Таксама Ганна Камароўская прасіла перадаць цёплыя пажаданні, каб усё гэта скончылася, Андрэю Саннікаву. Мне прыйшлося сказаць, што пакуль я нічога не магу яму перадаць, але пазней - абавязкова», - распавяла Люцына Бяльзацкая «Радыё Свабода».
Па словах Люцыны Бяльзацкай, з Ганнай Камароўскай яны мелі зносіны без перакладчыка. «Я казала па-беларуску і выкарыстоўвала свой запас польскіх словаў. Ганна Камароўская таксама выкарыстоўвала шмат нашых словаў, мы добра разумелі адна адну», - сказала жанчына.
28 лютага Ганна Камароўская таксама гутарыла па тэлефоне з жонкай Аляксея Міхалевіча Міланай Міхалевіч і жонкай Мікалая Статкевіча Марынай Адамовіч.