Майкл Скэнлан: ЗША ніколі не будуць «гандляваць прынцыпамі»
6- 2.03.2011, 15:46
ЗША не маюць намеру «гандляваць прынцыпамі» дзеля аднаўлення колькасці сваёй амбасады ў Менску.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю БелаПАН часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.
Ён нагадаў, што ў 2008 годзе Беларусь у аднабаковым парадку запатрабавала скараціць колькасць амерыканскіх дыпламатаў у Менску з 35 да пяці супрацоўнікаў. «Мы не лічым, што павінныя быць нейкія абмежаванні па колькасці дыпламатаў, ні ў нашай амбасадзе ў Менску, ні ў беларускай - у Вашынгтоне. Ці зменіцца гэтая сітуацыя, лепш спытаць у беларускага ўрада, - сказаў Скэнлан. - Але я хацеў бы падкрэсліць, што мы не будзем гандляваць прынцыпамі, якія датычацца права беларусаў жыць у дэмакратычным грамадстве, дзе выконваюцца правы чалавека, наўзамен на павелічэнне амерыканскіх супрацоўнікаў у нашай амбасадзе. Я думаю, што мы больш чым дакладна казалі пра гэта ўсе апошнія тры гады».
Па словах дыпламата, абодва бакі не выйгралі ад скарачэння дыпламатаў. «Мы ў любым выпадку не пойдзем на нейкія ўгоды дзеля павелічэння штата амбасады,» - падкрэсліў ён.
Нагадаем, у сакавіку 2008 года, пасля ўвядзення ЗША санкцый у дачыненні канцэрна «Белнафтахім», амбасадар Беларусі Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Менск па патрабаванні беларускага боку пакінула амбасадарка Карэн Сцюарт. Пасля амерыканскаму боку было прапанавана скараціць колькасць супрацоўнікаў дыпмісіі да 17 дыпламатаў.
Крыху пазней Беларусь прыняла рашэнне аб дадатковым скарачэнні персаналу сваёй амбасады ў Вашынгтоне і запатрабавала ад ЗША зрабіць тое ж самае. 30 красавіка, пасля таго як ЗША адмовіліся скарачаць колькасць сваіх супрацоўнікаў, МЗС Беларусі абвясціў дзесяць амерыканскіх дыпламатаў персонамі нон грата. Яны пакінулі Беларусь 3 мая. Яшчэ два дыпламатычных супрацоўніка, якія павінныя былі працаваць у амбасадзе, так і не былі прызначаныя з-за уведзеных абмежаванняў.