«Еўрапейская Беларусь»: Еўразвяз і ЗША павінныя ўзмацніць ціск на дыктатарскі рэжым
29- 2.03.2011, 19:13
Грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» выступіла з заявай у сувязі з прысудам Аляксандру Атрошчанкаву.
«Прысуд Аляксандру Атрошчанкаву (4 гады ў калоніі ўзмоцненага рэжыму) з'яўляецца нічым іншым, як прысудам свабодзе слова ў Беларусі.
Аляксандр Атрошчанкаў выконваў свой прафесійны і, перш за ўсё, грамадзянскі абавязак. Ён не мог паступіць інакш, ён павінен быў быць на перадавой асабліва значных падзей сваёй краіны.
Абсурднае абвінавачванне і прысуд журналісту і прэс-сакратару кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава сведчыць аб мэтанакіраванай працы дыктатарскай улады па знішчэнні незалежнай журналістыкі, грамадзянскай і дэмакратычнай супольнасці ў Беларусі. Вайна, развязаная «апошнім дыктатарам Еўропы» супраць свайго народа не спыняецца. Тэрор, катаванні, ператрусы і арышты адбываюцца на працягу ўжо больш чым два месяцы. Гэта сведчыць аб тым, што рэжым запалоханы ростам пратэстных настрояў у Беларусі. Гэты страх будзе павялічвацца асабліва на глебе апошніх падзей у арабскім свеце.
Беларускі народ будзе працягваць адстойваць свае правы на свабоду слова, свабоду сходаў і свабоду сумлення. У гэтай барацьбе мы разлічваем на сусветную салідарнасць. На жаль, меры прынятыя да гэтага часу Еўразвязам і Злучанымі Штатамі не прыносяць вынікаў.
Таму грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» заклікае беларускае грамадства да кансалідацыі дэмакратычных сіл у барацьбе за свабоду і незалежнасць Радзімы.
Заклікаем таксама сусветная супольнасць узмацніць ціск на дыктатарскі рэжым з мэтай вызвалення незалежных журналістаў і ўсіх палітзняволеных у Беларусі», - гаворыцца ў заяве «Еўрапейскай Беларусі».