28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Карл Більт: Лукашэнка можа збегчы з Беларусі

140
Карл Більт: Лукашэнка можа збегчы з Беларусі

Міністр замежных справаў Швецыі Карл Більт 15 верасня сустрэўся ў Стакгольме з прадстаўніка беларускай апазіцыі.

На сустрэчу з міністрам былі запрошаныя рэдактарка ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна, сябар Рады праваабарончага цэнтра «Вясна» Тацяна Равяка, кіраўніца Камітэту дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць» Іна Кулей і актывіст кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў.

У пачатку сустрэчы Карл Більт адзначыў, што сёння ўсім відавочна, што Беларусь мае велізарныя эканамічныя праблемы, і ў сувязі з гэтым, адзначыў міністр, «мы бачым манёўры з боку Лукашэнкі».

«З-за наяўнасці палітвязняў у турмах мы знаходзімся з уладамі ў стане тупіку», - сказаў Карл Більт, і падкрэсліў, што Еўропа чакае вызвалення з турмаў усіх вязняў сумлення. Пасля вызвалення ўчора 11 палітвязняў у турмах працягваюць знаходзіцца кандыдаты ў прэзідэнты Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч, Зміцер Ус, каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі, моладзевыя актывісты Зміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў, прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Карл Більт таксама падкрэсліў, што неабходныя не толькі вызваленне, але і рэабілітацыя палітычных зняволеных.

Міністр выслухаў меркаванні прадстаўнікоў беларускай дэлегацыі з нагоды сітуацыі ў краіне і далейшага развіцця адносінаў Беларусі з Еўропай.

Рэдактарка ​​сайта charter97.org Наталля Радзіна ў сустрэчы адзначыла, што вызваленне часткі палітвязняў стала магчымае толькі дзякуючы санкцый, уведзеных Еўразвязам і ЗША, і іхняй прынцыповай пазіцыі адносна неабходнасці вызвалення з турмаў вязняў сумлення.

«У Еўропы ўжо быў неаднаразовы досвед вядзення дыялогу з уладамі Беларусі. Усё гэта прыводзіла толькі да ўзмацнення рэпрэсій у Беларусі супраць апазіцыі. Дыктатар разумее толькі мову сілы і ніякім іншым чынам паўплываць на яго немагчыма. Таму пасля вызвалення палітычных зняволеных, неабходна працягваць палітыку ціску на рэжым. Неабходна дамагацца правядзення новых вольных прэзідэнцкіх выбараў, і ні ў якім разе не забывацца на тое, што Лукашэнка ўзурпаваў уладу», - адзначыла журналістка.

Кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна распавяла аб масавых рэпрэсіях, якім падвергнуліся беларускія незалежныя журналісты пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня, і пракаментавала апошнюю ініцыятыву Лукашэнкі аб правядзенні «круглага стала» з апазіцыяй.

«Гэтая ініцыятыва накіраваная больш на Еўразвяз і на Расею, але ніяк не на саму апазіцыю. У сувязі з гэтым ужо прыдумалі анекдот: «Усе прыйшлі на «круглы стол», а там толькі адзін стул», - сказала старшыня БАЖ.

Праваабаронца Тацяна Равяка адзначыла, што «працэс ўзяцця палітычных закладнікаў працягваецца, і арышт Бяляцкага стаў пацверджаннем гэтаму».

Тацяна Равяка нагадала кіраўніку МЗС Швецыі, што сустракалася з ім ужо 2 гады таму і падчас той сустрэчы абмяркоўваліся тыя ж тэмы. «Не хацелася б праз 2 гады зноў гаварыць з вамі пра тое ж. Не варта даваць беларускім уладам авансы, як гэта было раней», - сказала Равяка.

Кіраўнік МЗС Швецыі адзначыў, што «ў Еўропы не такія вялікія магчымасці ціску на рэжым Лукашэнкі, але сёння вельмі змянілася эканамічная сітуацыя ў краіне. Лукашэнка выдаткаваў велізарныя грошы на прэзідэнцкія выбары 19 снежня, паколькі не быў упэўнены, што пераможа. Эканамічны спад у Беларусі будзе працягвацца. Расея больш не можа вылучаць бязмежныя сродкі, а Лукашэнку неабходныя 8 мільярдаў даляраў для стабілізацыі бягучай сітуацыі. Але ў МВФ вельмі жорсткія эканамічныя ўмовы выдачы крэдытаў. Сёння Беларусь знаходзіцца на мяжы развалу. Не выключана, што Лукашэнка захоча збегчы. Такія людзі, як ён, заўсёды кідаюць карабель, які тоне».

Кіраўнік МЗС таксама адзначыў, што пакуль ЕЗ аддае перавагу не гаварыць, што будзе, калі Лукашэнка вызваліць палітвязняў і што будзе, калі ён іх не вызваліць.

«Калі ён вызваліць усіх палітвязняў, мы вернемся да сітуацыі 18 снежня 2010 года. Але яна ж не была спрыяльнай. Адной з палітычных умоваў павіннае быць правядзенне вольных выбараў», - адзначыў Карл Більт.

Міністр таксама адзначыў, што на маючым адбыцца ў Варшаве саміце «Усходняга партнёрства» будуць прадстаўленыя беларускія чыноўнікі, аднак яны не будуць паўнапраўнымі ўдзельнікамі мерапрыемства.

Напісаць каментар 140

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках