Васілевіч і Мірзаянаў збіраюцца з'ехаць з Беларусі
62- 22.09.2011, 13:21
Былыя палітвязні Фёдар Мірзаянаў і Ілля Васільевіч заявілі 22 верасня журналістам, што не збіраюцца заставацца ў Беларусі і паедуць навучацца за мяжу.
Фёдар Мірзянаў тлумачыць, што не мае намеру заставацца ў Беларусі, паколькі тыя, хто яго арыштаваў і пасадзіў у турму, засталіся на сваіх пасадах і, верагодна, не будуць пакараныя. Таму, лічыць ён, застаецца небяспека зноў быць арыштаваным, паведамляе «Радыё Свабода».
Ілля Васільевіч кажа, што глыбока абражаны парушэннем законаў і правоў чалавека ў Беларусі. «Я не адчуваю ў гэтых умовах сябе вольным і ў бяспецы. У любы момант на любога чалавека могуць сфабрыкаваць справу і пасадзіць у турму. У калоніях такіх людзей шмат», - заявіў Васілевіч. Ён дадаў, што менавіта па гэтых матывах не збіраецца заставацца ў Беларусі.
Васілевіч і Мірзаянаў заявілі, што вернуцца ў Беларусь, калі ў краіне зменіцца палітычны рэжым.