Райнэр Лінднэр: Менскага форуму не будзе, пакуль апазіцыя ў турмах
16- 22.09.2011, 16:49
Нямецка-беларускае таварыства і ягоныя партнёры прынялі рашэнне не праводзіць у гэтым годзе «Менскі форум».
Мерапрыемства не будзе праходзіць у традыцыйным фармаце міжнароднай канферэнцыі, якая стала пляцоўкай для дыялогу прадстаўнікоў розных краін. Прычынай таму сталі ўнутрыпалітычныя падзеі ў Беларусі пасля прэзідэнцкіх выбараў 19-га снежня 2010 года, гаворыцца ў заяве для прэсы, распаўсюджанай амбасадай ФРГ у Менску.
«Здзейсніўшы арышты кандыдатаў у прэзідэнты і іншых палітычна актыўных грамадзянаў, беларускі ўрад тым самым адмовіўся ад паляпшэння адносінаў з Еўрапейскім Звязам і краінамі, якія ў яго ўваходзяць, і пакінуў агульную пляцоўку для дыялогу» - заявіў старшыня нямецка-беларускага таварыства і Менскага форуму Райнэр Лінднэр.
«Правядзенне Менскага форуму ў тым фармаце, які разам з дыялогам прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і бізнесу прадугледжвае абмен думкамі палітычных дзеячоў Германіі і іншых краін ЕЗ з прадстаўнікамі палітычнай эліты Беларусі, у цяперашні час немагчымае», - канстатаваў ён.
Нямецка-беларускае таварыства і арганізацыі-партнёры Менскага форуму патрабуюць, каб вызваленне палітычных зняволеных, якое пачалося ў мінулыя дні, было завершанае «неадкладным вызваленнем і поўнай рэабілітацыяй ўсіх арыштаваных па палітычных прычынах у Беларусі».
«Толькі пасля гэтага аднаўленне ранейшых формаў дыялогу стане магчымым. У той жа час, арганізатары форуму адчуваюць сябе абавязанымі і надалей прытрымлівацца ідэі дыялогу з беларускім грамадствам. Пасля вызвалення зняволеных неабходна будзе працягнуць абмен прафесійным досведам з даўнімі партнёрамі ў Менску, спрыяючы тым самым стварэнню новай асновы для сумеснай працы. Мы не маем права пакідаць цяпер тых людзей, з якімі на працягу чатырнаццаці гадоў разам працавалі дзеля лепшай будучыні Беларусі», - падкрэсліў Лінднэр.
У заяве таксама адзначаецца, што ў апошнія гады, дзякуючы распачатай ўнутрыпалітычнай і эканамічнай лібералізацыі, а таксама ўступленню Беларусі ў ініцыятыву Еўрапейскага Звяза «Усходняе партнёрства», назіралася паляпшэнне перадумоваў для развіцця трансмежавага супрацоўніцтва.
«Сваю гатовасць да гэтага нямецкі бок падкрэсліў, у прыватнасці, фактам удзелу ў леташнім Менскім форуме кіраўніка ведамства федэральнага канцлера Рональда Пофалы. Тым большае шкадаванне выклікаюць рэгрэсіўны змены, што назіраюцца ў Беларусі ў апошні час», - падкрэсліваецца ў заяве.