22 траўня 2024, Серада, 5:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марыянетак з «парламента» зробяць невыязнымі?

53
Марыянетак з «парламента» зробяць невыязнымі?

«Дэпутатаў» могуць пакараць за распрацоўку закона «больш за трох не збірацца».

Колькасць неўязных у ЕЗ беларускіх чыноўнікаў 23 студзеня можа папоўніцца 135 прозвішчамі. Як даведалася «Еўрарадыё», спіс новых прэтэндэнтаў на званне «неўязных у ЕЗ» склалі кіраўнікі дыпламатычных місій краін Еўразвяза ў Беларусі. Па нашых дадзеных, туды патрапілі людзі, якія здзяйсняюць ціск на праваабаронцаў і журналістаў. На думку кіраўніка «Офіса за дэмакратычную Беларусь» Вольгі Стужынскай, ёсць там і дэпутаты «палаты прадстаўнікоў».

«Такі спіс ёсць. Гэта людзі, адказныя за змены заканадаўства - я кажу пра змены, якія нядаўна былі. Верагодна, што кагосьці пазнаходзілі з тых, хто мае дачыненне да справы Бяляцкага», - сказала яна.

Пацвярджае гэта і першы сакратар амбасады Польшчы ў Беларусі Павел Марчук.

«Што тычыцца падрабязнасцяў, то я скажу вам шчыра: гэта інфармацыя, якую амбасады не будуць агучваць. Але ў гэты раз туды трапяць усе людзі, якія займаюцца рэпрэсаваннем апазіцыі і незалежных СМІ», - паведаміў дыпламат.

На словы, што маюцца звесткі, што ў гэтым спісе ёсць «дэпутаты», якія займаліся распрацоўкай апошніх прынятых законаў, Павел Марчук сказаў: «Там могуць быць гэтыя людзі. Кожная кандыдатура абмяркоўваецца. Павінная быць поўная згода ўсіх краін Еўразвяза. І гэты спіс можа быць пашыраны, можа быць звужаны - ідзе праца. І ніхто пакуль не будзе называць ні аднаго прозвішча з гэтага спісу».

Тым часам Вольга Стужынская не выключае, што гэтыя дзеянні Брусэля будуць мець негатыўныя наступствы для... грамадзянскай супольнасці ў Беларусі:

«Думаю, што беларускае кіраўніцтва можа таксама негатыўна адрэагаваць. Напрыклад, увесці яшчэ якое-небудзь заканадаўства або пазбавіць рэгістрацыі арганізацыю, якая працуе з Еўразвязам. Калі ў адказ на негатыў адсюль рушыць услед негатыў з Беларусі, то гэта будзе па нарастаючай. Адносіны паміж Беларуссю і Еўразвязам дасягнулі мінімуму. Баюся, што не застанецца проста больш магчымасцяў у грамадзянскай супольнасці праводзіць нейкія праекты з дапамогай ЕЗ».

Па ейных словах, сярод еўрапалітыкаў ідуць размовы аб змене тактыкі ЕЗ адносна Беларусі.

З тым, што ад папаўнення спісу неўязных чыноўнікаў у ЕЗ будзе мала толку, згодны і палітык Уладзімір Някляеў. Але ён заклікае ЕЗ да жорсткіх эканамічных санкцый.

«Пашыраецца-пашыраецца гэты спіс. Але колькаснае - не значыць якаснае, і ў самым адчуванні беларускага чынавенства нічога не мяняецца», - сказаў палітык.

У цяперашні час у спісе неўяздных знаходзіцца каля 200 імёнаў.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках