Дыктатар павялічыў асабісты фонд у 2,5 разы
51- 1.10.2012, 10:25
Памер рэзервовага фонду Лукашэнкі ў 2013 годзе складзе 1 912 951 760 тысяч рублёў або 225 мільёнаў даляраў ЗША.
Такія параметры закладзены ў праект бюджэту на 2013 года, які ў бліжэйшыя дні павінен зацвердзіць стары склад «палаты прадстаўнікоў». «Дэпутаты» наўрад ці звернуць увагу на тое, што меркаваны памер рэзервовага фонду Лукашэнкі перавышае максімум, прадугледжаны Бюджэтным кодэксам Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, артыкул 43 гэтага закона вызначае, што памер рэзервовага фонду кіраўніка дзяржавы не можа перавышаць 1% даходаў рэспубліканскага бюджэту, піша "Народная воля".
А даходы, як раз, на 2013 год запланаваныя не такія ўжо вялікія - у памеры 121,7 трыльёнаў беларускіх рублёў (або пры цяперашнім курсе 8500) - 14,3 мільярда даляраў ЗША. Такім чынам, у рэзервовы фонд беларускага кіраўніка давядзецца аддаць 1,5-1,6% дзяржаўнага бюджэту. Гэта ў 10 разоў больш, чым у фонд фінансавання выдаткаў, звязаных са стыхійнымі бедствамі, аварыямі і катастрофамі, больш, чым вылучаецца на фонд дзяржаўных матэрыяльных рэзерваў, больш, чым уся фінансавая дапамога, прадугледжаная бюджэтам для юрыдычных асоб і прадпрымальнікаў, у 2 разы больш , чым на ўсю сферу культуры; удвая больш, чым на фізкультуру і спорт...
Пры гэтым у растрачванні гэтых грошай Бюджэтны кодэкс Лукашэнку не абмяжоўвае. Частка 2 артыкула 43 вызначае, што «расходаванне сродкаў рэзервовага фонду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ажыццяўляецца на падставе рашэнняў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». Гэта значыць куды хоча - туды і траціць. Вядома толькі, што з гэтага фонду выдзяляюцца стыпендыі на падтрымку таленавітай моладзі.
Зрэшты, і на рахунак памеру рэзервовага фонду Лукашэнкі даецца поўнае поле для манеўру, таму што не перавышаць 1% усяго бюджэту краіны ён павінен «як правіла». Гэта значыць выключэнне з правіла закон першапачаткова мае на ўвазе.
Аднак, трэба прызнаць, што апетыты дыктатара растуць. Яшчэ год таму, у 2011 годзе, рэзервовы фонд прэзідэнта складаў 90 мільёнаў даляраў.