Марцін Угла: ЕЗ павінен распачаць пэўныя дзеянні
3- 15.10.2012, 11:57
Кіраўнік шведскай праваабарончай арганізацыі Östgruppen Марцін Угла звярнуўся да кіраўнікоў МЗС Еўразвяза.
15 кастрычніка Еўразвяз разгледзіць пытанне падаўжэння санкцый супраць кіраўніцтва Беларусі, перадае «Радыё Свабода».
На старонках выдання «Sydsvenskan» праваабаронца піша, што Швецыя як член ЕЗ павінна настойваць на найбольш эфектыўнай палітыцы ў дачыненні да Беларусі, на той палітыцы, якая магла б дапамагчы змяніць краіну. І тут вельмі важна, піша Угла, бачыць розніцу паміж ізаляцыяй рэжыму і беларускага народа.
Па словах праваабаронцы, сённяшняя сустрэча праходзіць пасля сфальсіфікаваных «парламенцкіх выбараў», і таму выразная рэакцыя з боку ЕЗ павінна быць відавочнай. Акрамя таго, лічыць праваабаронца, патрэбныя таксама канкрэтныя дзеянні па распаўсюджванні дэмакратыі ў Беларусі.
Кіраўнік Östgruppen выкладае тэзісы, з якіх, на яго думку, павінна складацца палітыка ў дачыненні да Беларусі:
- Прыярытэтнасць праў чалавека над усімі іншымі інтарэсамі ў адносінах паміж ЕЗ і Беларуссю. Гэта пытанне, у якім раней Звяз вагаўся, жадаючы дамагчыся ад Лукашэнкі дробных касметычных праяў дэмакратызацыі ў адказ на эканамічнае супрацоўніцтва.
- Лукашэнка - нелегітымны прэзідэнт, які захоўвае свае пазіцыі з дапамогай сістэматычных рэпрэсій. Павінны існаваць палітычныя санкцыі Звяза супраць яго і шэрагу высокіх урадоўцаў. Сёння ж санкцыі выконваюць толькі сімвалічную функцыю і мала адбіваюцца на эканамічных інтарэсах рэжыму.
- Еўрапейскай ізаляцыі не павінны адчуваць на сабе беларускія грамадзяне. Таму неабходна адмяніць візы для тых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія хочуць наведаць Еўропу, у крайнім выпадку зрабіць гэтыя візы бясплатнымі. Нішто не перашкаджае сябрам ЕЗ рабіць падобныя крокі ў аднабаковым парадку.
- Неабходныя дадатковыя рэсурсы для падтрымкі дэмакратычнага руху ў Беларусі. У прыватнасці, распаўсюджванне інфармацыі, якая можа супрацьстаяць прапагандзе афіцыйных СМІ.
- ЕЗ павінен знайсці магчымасці ўплыву на Расею і іншыя краіны, якія аказваюць фінансавую падтрымку рэжыму і такім чынам дапамагаюць яму застацца ва ўладзе. Гэта тычыцца таксама ААН і АБСЕ. І Беларусь, і Расея - члены гэтых арганізацый, а таму павінны выконваць прынятыя імі рашэнні.
Як падсумоўвае на старонках «Sydsvenskan» Марцін Угла, ЕЗ мог бы шмат зрабіць, каб дапамагчы народу Беларусі на шляху да дэмакратыі. Але гэта, вядома, патрабуе палітычнай волі. Сённяшняя сустрэча еўрапейскіх міністраў - выдатная магчымасць прадэманстраваць, што такая палітычная воля існуе.