10 чэрвеня 2026, Серада, 0:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Махнем не гледзячы

36
Махнем не гледзячы

Беларускі дыктатар хоча абмяняць НПЗ на расейскія радовішчы.

Леташнім спадзевам Лукашэнкі на тое, што на тэрыторыі краіны «прарве» прыродны газ, пакуль не наканавана было спраўдзіцца. Аднак, афіцыйны Менск не губляе надзеі на атрыманне доступу да карысных выкапняў, пішуць naviny.by.

Дзеля дасягнення гэтай мэты беларускае кіраўніцтва гатовае нават расстацца з «цацкамі», да ліку якіх Лукашэнка адносіць нафтаперапрацоўчыя заводы. На фоне беларускіх «цацак» расейскія зямельныя ўчасткі з залежамі нафты і газу падобныя на вялікую «пясочніцу», пагуляць у якой Менск даўно хоча.

«Найбліжэйшы саюзнік» Расея адмаўляе ўжо 8 гадоў

Жаданне здабываць на тэрыторыі Расеі нафту і прыродны газ беларускія ўлады выказваюць даўно. Праўда, да гэтага часу гэта жаданне застаецца нездаволеным. Тым не менш, афіцыйны Менск усё ж спадзяецца атрымаць доступ да прыродных рэсурсаў Расеі.

Даўнія планы афіцыйнага Менска самастойна здабываць нафту і газ эксперты тлумачаць імкненнем беларускіх улад атрымліваць энергарэсурсы па больш нізкім кошце. Зрэшты, беларускае кіраўніцтва асабліва і не хавае сапраўдных прычын сваёй цікавасці да пазначанай тэмы.

«Мы спажываем 22 млрд. кубаметраў газу, давайце мы будзем здабываць 10 млрд. Можа быць, нам гэта будзе танней», - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў аўторак, тлумачачы цікавасць Беларусі да здабычы газу на тэрыторыі Расеі. Разам з газам беларускі бок таксама хацеў бы здабываць на расейскай тэрыторыі і нафту.

Варта адзначыць, што дакладна такія жаданні Аляксандр Лукашэнка выказваў яшчэ шэсць гадоў таму. Тады, адказваючы на пытанні ўкраінскіх журналістаў, беларускі кіраўнік прызнаўся, што ў 2004-м прасіў Пуціна даць «магчымасць свайму бліжэйшаму саюзніку здабываць газ і нафту на тэрыторыі Расеі ў абмен на палову «Белтрансгазу».

Да цяперашняга часу Расея ўжо цалкам валодае «Белтрансгазам» і сёння Аляксандр Лукашэнка пагаджаецца ўжо аддаць два нафтаперапрацоўчыя завода Расеі ў абмен на магчымасць здабываць на тэрыторыі Расеі нафту і газ. Аднак, як адзначыў беларускі дыктатар, расейскае кіраўніцтва не прымае прапанову беларускага боку.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў шэсць гадоў таму тлумачыў, што з Беларуссю «размова аб прэферэнцыяльных распрацоўках нафтавых радовішчаў у Расеі (як бы эксклюзіўным чынам) пакуль не атрымліваецца». Пры гэтым Сурыкаў тады адзначыў, што Беларусь можа прыняць удзел на агульных падставах у конкурсе па выбары радовішчаў, заплаціць грошы, і здабываць нафту.

Аднак гэтая схема, падобна, беларускаму боку не спадабалася.

Зрэшты, як пазней адзначаў Сурыкаў, магчымы і іншы варыянт - абмен актываў. Расейскія ўлады гатовыя абмяняць радовішчы на актывы, якія знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, але пры адной умове - калі кошт гэтых актываў будзе супастаўны.

«Цацкі» па кошце «пясочніцы»

Эксперты сумняваюцца, што Беларусь зможа атрымаць доступ да нафтагазавых радовішчаў Расеі на гэтых умовах.

«Абмен двух нафтаперапрацоўчых заводаў Беларусі на расейскія радовішчы - гэта непрапарцыйны абмен. Кошт радовішчаў, на якіх можна здабываць 10 млн. тон нафты ў год, перавышае кошт беларускіх НПЗ. Адпаведна, абмен актывамі можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі Беларусь дадасць да НПЗ іншыя актывы, якія цікавяць Расею», - кажа эксперт расейскага Інстытута энергетыкі і фінансаў Сяргей Агібалаў.

Акрамя гэтага, дадае ён, Расея ў цяперашні час рэалізуе праграму мадэрнізацыі сваіх НПЗ. «Таму можна чакаць, што вострай неабходнасці ў набыцці беларускіх заводаў расейскі бок адчуваць не будзе», - адзначае Агібалаў.

Наўрад ці патэнцыйным пакупнікам беларускіх НПЗ прыйдзецца па гусце і той факт, што пасля набыцця заводаў магутнасцямі прадпрыемстваў прыйдзецца дзяліцца.

«Хочаце нафтаперапрацоўчыя заводы, якія ў Беларусі як цацкі - прыгожыя, сучасныя, еўрапейскія прадпрыемствы... Мы вам аддаём НПЗ, перапрацоўвайце сваю нафту, і мы будзем перапрацоўваць тут сваю», - заявіў Лукашэнка 16 кастрычніка, даўшы зразумець, што магутнасці заводаў беларускі бок мае намер працягваць выкарыстоўваць нават у выпадку перадачы заводаў расейскім уласнікам.

Калі рэзюмаваць прапанову аб абмене актывамі, якую агучыў беларускі кіраўнік, складаецца дваякае ўражанне. З аднаго боку, цалкам зразумела, што ў выніку здзелкі Беларусь хоча атрымаць доступ да расейскіх нафтагазавых радовішчаў, і тым самым знізіць кошт энергарэсурсаў.

З іншага боку, не зусім зразумела, у чым будзе складацца выгода расейскіх інвестараў, якія атрымаюць ва ўласнасць беларускія НПЗ.

«Інвестар купіць нашы НПЗ за поўны кошт, але цалкам іх выкарыстоўваць не зможа, бо перапрацоўкай плануе працягваць займацца і беларускі бок. Таму пакуль незразумела, чаму гэтая здзелка можа быць цікавая расейскім інвестарам», - кажа навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

У той жа час эксперт не выключае, што доступ Беларусі да расейскіх радовішчаў усё-такі можа быць прадастаўлены па палітычных матывах. «Такую верагоднасць нельга выключаць ў выпадку, калі Расея будзе кіравацца інтэграцыйнымі меркаваннямі», - адзначае Тачыцкая.

Зрэшты, нават калі Беларусь і атрымае доступ да расейскіх нетраў, гэта наўрад ці стане панацэяй, якая дазволіць вырашыць ключавыя праблемы беларускай эканомікі.

«Доступ да нафтагазавых радовішчаў Расеі, магчыма, дазволіў бы змякчыць праблемы ў гандлёвым балансе. Аднак нашы фундаментальныя праблемы, звязаныя з выпускам канкурэнтаздольнай прадукцыі, гэта не вырашыць. Больш за тое, калі мы атрымаем доступ да танных энергарэсурсаў, не зусім зразумела, якія ў вытворцаў будуць стымулы для зніжэння энергаёмістасці», - рэзюмавала Ірына Тачыцкая.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках