З-за няспраўнай праводкі ў Капылі загарэлася школа
1- 17.10.2012, 11:48
У Капылі з-за пажару ў школе падчас урокаў былі эвакуяваны на вуліцу амаль 400 чалавек.
Пра гэта БелТА паведамілі ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях Беларусі.
Узгаранне адбылося да поўдня. Спрацавала сістэма аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі. У МНС патэлефанаваў дырэктар школы - на першым паверсе трохпавярховага будынка школы 1979 года пабудовы ўтварылася задымленне. Адміністрацыя школы прыняла рашэнне эвакуяваць 351 вучня і 37 работнікаў школы.
На месца прыбылі пажарныя. Яны высветлілі, што пажар узнік у бакоўцы на першым паверсе. Гарэла праводка разетак, драўляная полка. Агонь удалося хутка патушыць. Ніхто не пацярпеў. Як мяркуецца, прычынай узгарання стала кароткае замыканне электраправодкі.