Расеец адкупіўся ад абвінавачвання ў забойстве трох зуброў
25- 17.10.2012, 12:29
Следчым камітэтам завершана расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай па факце выяўлення ў раёне вёскі Галубы Валожынскага раёна астанкаў трох зуброў.
Пра гэта паведамілі БелаПАН у аддзеле інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК.
Як ўстаноўлена падчас следства на тэрыторыі дзяржаўнай лесагаспадарчай установы «Валожынскі лясгас» 27 студзеня 2012 года праводзіўся паляўнічы тур з удзелам паляўнічага - грамадзяніна Расеі. Кіраўніком палявання з'яўляўся егер лясгаса. У паляванні таксама прымаў удзел яго начальнік - інжынер па паляўнічай гаспадарцы ўстановы.
Дзейнічаючы ў парушэнне ўстаноўленых правілаў палявання трое паляўнічых з выкарыстаннем агнястрэльнай зброі наўмысна здабылі трох дарослых самцоў зубра, унесеных у Чырвоную кнігу, якія жылі ў рэспубліканскім ландшафтным заказніку «Налібоцкая пушча».
Дзеянні абвінавачаных былі кваліфікаваныя па ч. 4 арт. 282 КК (незаконнаепаляванне, незаконная здабыча дзікіх жывёл, від якіх загадзя для вінаватых уключаны ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, учыненыя службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры).
На першапачатковым этапе следства службовыя асобы лесагаспадарчай установы катэгарычна адмаўлялі сваю віну ў наўмысным здзяйсненні злачынства.
У выніку спланаваных і праведзеных па справе следчых дзеянняў былі атрыманыя прызнальныя паказанні заказчыка паляўнічага тура, які шчыра раскаяўся ў зробленым, аказаў садзейнічанне следству ў выкрыванні астатніх удзельнікаў злачынства. Акрамя таго, ім у павышаным памеры кампенсавана нанесеная злачынствам шкода і заяўленыя пазоўныя патрабаванні па справе. Сукупнасць гэтых абставінаў паслужыла падставай для вызвалення абвінавачанага ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем з прызнаннем у яго дзеяннях складу злачынства.
У сувязі з тым, што егер лясгаса з'яўляецца асобай, якая пацярпела ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у дачыненні да яго ўжыты акт амністыі.
Матэрыялы крымінальнай справы ў дачыненні да інжынера па паляўнічай гаспадарцы перададзены ў Генеральную пракуратуру для прыняцця рашэння аб накіраванні ў суд.
У ходзе расследавання крымінальнай справы СК накіраваў у Міністэрства лясной гаспадаркі прадстаўленне аб ліквідацыі прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню дадзенага злачынства. Па выніках разгляду гэтага прадстаўлення міністэрствам быў праведзены шэраг арганізацыйна-штатных мерапрыемстваў.
У СК адзначаюць, што да грамадзяніна РФ быў ужыты арт. 88 КК (Вызваленне ад крымінальнай адказнасці ў сувязі з дзейным раскаяннем).