Пракуратура пакрывае фальсіфікатара
4- 17.10.2012, 13:18
Магілёўская пракуратура не выявіла складу злачынства ў дзеяннях старшыні акруговай выбарчай камісіі №87 Аляксандра Кажамякіна.
Такі адказ атрымаў кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ Зміцер Салаўёў ад дадзенай дзяржаўнай структуры, піша сайт праваабарончага цэнтра «Вясна».
Па словах намесніка кіраўніка пракурора Кастрычніцкага раёна Магілёва Карачэнкі, пасля звароту Зміцера Салаўёва ў пракуратуру з нагоды адмовы ў акрэдытацыі прадстаўнікам БНФ у якасці назіральнікаў на выбарчых участках Прамысловай акругі № 87, была праведзена праверка. Па выніках гэтай праверкі было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы на падставе п.2 ч.1 арт.29 Крымінальна-працэсуальнага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, што 19 верасня 2012 года старшыні ўчастковых выбарчых камісій № 45, № 56, № 58 і № 64 Прамысловай выбарчай акругі № 87 не дапусцілі назіральнікаў БНФ на выбарчыя ўчасткі. Падставай для гэтага стала тое, што арганізацыя не знаходзіцца па юрыдычным адрасе.
Зміцер Салаўёў кажа, што зверху быў дадзены загад, каб не даводзіць гэтую справу да крымінальнай.
«Натуральна, Кажамякін парушаў заканадаўства і па надуманых прычынах не дапусціў нашых назіральнікаў да працэсу назірання за працэдурай галасавання і падліку галасоў. Тое, што наша арганізацыя не знаходзіцца па юрадрасе, яго не павінна хваляваць. У аблюста да нас прэтэнзій няма, тым больш, што ён тут улез у неналежнае яму пытанне. Іншага адказу ад пракуратуры я і не чакаў. Будзем скардзіцца ў суд і праз суд даказваць парушэнне Выбарчага кодэкса», - кажа Зміцер Салаўёў.
Зміцер не выключае верагоднасці таго, што Аляксандр Кажамякін рознымі шляхамі хацеў забяспечыць элегантную перамогу свайму калегу па працы па «Магілёўхімвалакно» Ігару Станкевічу, які працаваў на той момант старшынёй прафкама названага прадпрыемства, які балатаваўся ў дэпутаты па яго акрузе.