Ажубаліс: Без падтрымкі Расеі беларускі рэжым абрынецца
19- 17.10.2012, 13:47
Дыялог Літвы з рэжымам Лукашэнкі магчымы толькі пасля безумоўнага вызвалення і рэабілітацыі ўсіх палітвязняў.
Міністр замежных спраў Літвы Аўдронюс Ажубаліс адказаў на пытанні «Радыё Свобода».
- Ці будуць змены ў палітыцы Літвы ў дачыненні да Беларусі пасля выбараў, якія нядаўна прайшлі ў вашай краіне?
- Літва з'яўляецца часткай ЕЗ і падзяляе яго знешнюю палітыку. Як вы ведаеце, ЕЗ у цяперашні час рэалізуе палітыку крытычнага ўзаемадзеяння ў дачыненні да Беларусі з-за рэпрэсій беларускіх улад у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і парушэнняў грамадзянскіх праў. Умовы для змены гэтай палітыкі вельмі зразумелыя: безумоўнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітычных вязняў у Беларусі.
- Ці чакаеце вы якіх-небудзь крокаў у бок лібералізацыі ад рэжыму Лукашэнкі?
- Ну, у першую чаргу, вы павінны адрасаваць гэтае пытанне спадару Лукашэнке!
Шчыра кажучы, у мяне няма ніякіх чаканняў ад Лукашэнкі. За апошнія 10-15 гадоў мы маглі назіраць некалькі «détentes», якія заканчваліся ў строга аднолькавай манеры - новымі рэпрэсіямі супраць рэшткаў грамадзянскай супольнасці. Вядома, я не выключаю магчымасці яшчэ адной так званай «лібералізацыі», што не будзе большым, чым проста звычайным пачаткам гульні «з нуля», калі Лукашэнка будзе спрабаваць атрымаць новыя эканамічныя саступкі, пагражаючы Пуціну «фліртам» з Еўразвязам. Я думаю, што толькі адзіная і моцная апазіцыя пры падтрымцы палітыкі ЕЗ магла б прымусіць рэжым зрабіць некаторыя ліберальныя рэформы.
- Ці магчымы ўплыў Еўразвяза на Беларусь праз Маскву? Ці з'яўляецца Лукашэнка незалежным дыктатарам, альбо ён марыянетка Масквы?
- Я б прапанаваў падзяліць гэтыя два пытанні. Я хацеў бы пачаць з другога.
Уся эканоміка Беларусі прывязаная да Расеі праз розныя субсідыі альбо ўзмоцнены кантроль вытворчасці. Калі Расея прывядзе свае эканамічныя адносіны з Беларуссю на тыя ж падставы, як адносіны з Літвой ці любой іншай еўрапейскай краінай, беларуская эканоміка абрынецца. Без сумневу - як і Лукашэнка, Пуцін ведае гэта вельмі добра. І гэта вызначае ступень незалежнасці Лукашэнкі.
І, што тычыцца першага пытання - вы бачыце, што на Беларусь можна было б вельмі лёгка паўплываць праз Маскву. Але хіба Еўразвяз павінен ўплываць такім чынам? Мы зацікаўлены ў дэмакратычнай Беларусі з цалкам дзеяздольнай рынкавай эканомікай і вяршэнствам закона. І, на жаль, цяперашняя Расея не ў стане дапамагчы нам дасягнуць вышэйзгаданай мэты.
- Спадар Ажубаліс, нядаўна вы выказалі прапанову аб новым цэнтры ўлады за межамі Рэспублікі Беларусь - што менавіта вы мелі на ўвазе?
- Я не стаў удакладняць, што гэты альтэрнатыўны цэнтр улады павінен працаваць за межамі Беларусі, але я з вамі згодны. Аўтакратычны беларускі рэжым проста не пакідае месца для істотнай грамадзянскай дзейнасці ўнутры краіны. Шматлікія актывісты апазіцыі і грамадзянскай супольнасці вымушаныя працаваць за межамі Беларусі - у Літве і іншых дэмакратычных краінах. У такіх абставінах было б не дзіўна, калі працэс аб'яднання апазіцыі праходзіў бы за мяжой. Апазіцыя і грамадзянская супольнасць пры садзейнічанні дэмакратычных краін магла б выпрацаваць адзіную стратэгію, прывабную для беларускага грамадства, быць рэальнай і жыццяздольнай альтэрнатывай цяперашняму рэжыму. Толькі тады, я лічу, дэмакратыя мае шанец выйграць у Беларусі.