Расеі прадракаюць глабальную палітычную катастрофу
25- 30.10.2012, 9:35
Кіраўнік «Роснана» Анатоль Чубайс прадказвае рост пратэстных настрояў у Расеі.
На яго думку, мітынгі будуць збіраць усё больш людзей і запыт на палітычныя пераўтварэнні стане ўсё больш надзённым. Анатоль Чубайс не выключыў самых радыкальных варыянтаў развіцця падзей. Між тым сам кіраўнік «Роснана» не мае намеру лезці на барыкады, піша РБК.
«Тое, што ў апошні раз на марш выйшла не сто тысяч, а трыццаць, не кажа аб згасанні. Фігня гэта! Будзе яшчэ дзесяць мітынгаў, на якія выйдуць тры тысячы чалавек, а потым раптам збярэцца паўмільёна. Упэўнены на сто адсоткаў», - заявіў Анатоль Чубайс у інтэрв'ю часопісу «Итоги».
На думку палітыка, на наступныя гадоў дзесяць значнасць эканамічных пераўтварэнняў у Расеі будзе другасная ў адносінах да палітычных зменаў. «Галоўныя тормазы знаходзяцца не ў эканоміцы, а ў палітыцы. Карупцыя, няправы суд і іншыя вядомыя беды, якія няма сэнсу пералічваць. Балотная і ўсё, што з ёй звязана, катэгарычна не разавая з'ява, а праява глыбінных сацыяльных зрухаў, якія здарыліся ў краіне», - заявіў Анатоль Чубайс.
Ён не выключыў і самых радыкальных варыянтаў аж да «глабальнай палітычнай катастрофы». Тым не менш Чубайс спадзяецца і на магчымае эвалюцыйнае развіццё Расеі. Сам ён не хоча з'яўляцца на барыкадах. Чубайс адказаў, што будзе працягваць прысвячаць сябе працы на ніве інавацый.