Галандыя - гандлёвы партнёр Лукашэнкі №2
96
20:01, — Палітыка
У Амстэрдаме прайшлі палітычныя дэбаты на тэму «Галандыя - гандлёвы партнёр Лукашэнкі».
На працягу трох дзён у сталіцы Нідэрландаў праходзяць мерапрыемствы па Беларусі, арганізаваныя Еўрапейскім культурным фондам.
У дыскусіі «Галандыя - гандлёвы партнёр Лукашэнкі» прынялі ўдзел кіраўнік кампаніі Free Belarus Now, сястра былога палітвязня Андрэя Саннікава Ірына Багданава, дырэктар Беларускага Свабоднага тэатра Наталля Каляда, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, прадстаўнік Еўрапейскай Камісіі Роберт Палмер. Мерапрыемства наведалі галандскія палітыкі, дыпламаты, праваабаронцы, грамадскія дзеячы, журналісты.
Падобныя дэбаты па Беларусі прайшлі ўпершыню і доўжыліся больш за дзве гадзіны, паведаміла сайту charter97.org Наталля Каляда.
«Асноўным пытаннем дыскусіі была пазіцыя Галандыі ў дачыненні да Беларусі і закупка гэтай краінай беларускіх нафтапрадуктаў і калія.
Я адзначыла незвычайнасць сітуацыі, калі Еўразвяз толькі цяпер заяўляе аб неабходнасці распрацоўкі доўгатэрміновай стратэгіі ў дачыненні да Беларусі. Гэта значыць 18 гадоў у Беларусі існуе дыктатура, 18 гадоў тут катуюць, забіваюць і выкрадаюць грамадзян, а ЕЗ толькі зараз пачынае ўсведамляць, што гэта дыктатура?
Галандскія палітыкі апраўдваліся і адмаўлялі той факт, што яны другі гандлёвы партнёр Беларусі пасля Расеі з-за закупак нафтапрадуктаў. У Галандыі знаходзіцца найбуйнейшы порт, і ўся Еўропа атрымлівае беларускія нафтапрадукты адтуль.
У сваім выступленні я адзначыла, калі Нідэрланды не хочуць разглядаць Беларусь як гандлёвага партнёра толькі таму, што яны закупляюць беларускія нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай нафты, значыць, тым самым яны таксама апраўдваюць продаж Беларуссю расейскай зброі ў Сірыю і Ірак. Мы заклікалі ўвесці эмбарга на закупку нафтапрадуктаў і калія ў рэжыму Лукашэнкі.
Я таксама раскрытыкавала так званае фінансаванне Еўракамісіяй беларускай грамадзянскай супольнасці, паколькі ЕК патрабуе ад арганізацый у Беларусі рэгістрацыі. Гэта значыць ЕЗ працягвае фінансаваць НДА, якія працуюць з рэжымам, паколькі большасць няўрадавых арганізацый або зачыненыя, або знаходзяцца на мяжы закрыцця.
Дапамога беларускай апазіцыі не павінна аказвацца толькі толькі для таго, каб яна выжыла. Дапамагаць павінны так, каб яна перамагла», - упэўнена Наталля Каляда.
Ірына Багданава казала падчас дыскусіі аб цяжкім становішчы беларускіх палітвязняў і заклікала працягваць санкцыі і ціск на беларускі рэжым, пакуль усе вязні сумлення не выйдуць на волю.
«Я нагадала еўрапейскім палітыкам пра непамернасць дапамогі грамадзянскай супольнасці з тымі каласальнымі прыбыткамі, якія ЕЗ сёння атрымлівае ад гандлю з рэжымам Лукашэнкі. У Беларусі сродкі, атрыманыя ад гандлю з Еўропай, ідуць на фінансаванне рэпрэсіўнага апарата», - сказала Ірына Багданава.
Таксама Беларускім Свабодным тэатрам у рамках кампаніі Free Belarus Now у 5 гарадах Галандыі былі праведзены флэш-мобы ў падтрымку патрабавання Любові Кавалёвай вярнуць цела расстралянага нібыта за тэракт у менскім метро сына.
На чыгуначных станцыях і станцыях метро з'явіліся мяшкі для трупаў з жывымі целамі ўнутры. Флэш-мобы доўжыліся ад 10 да 30 хвілін і былі арганізаваны ў гадзіну пік.
5 кастрычніка ў Каралеўскім тэатры ў Амстэрдаме праходзіць таксама прэм'ера спектакля Беларускага Свабоднага тэатра «Тrash Cuisine». Асноўная тэма спектакля - смяротнае пакаранне і гісторыя расстраляных Уладзіслава Кавалёва і Зміцера Канавалава.
Напісаць каментар (96)
Экспарт
Новости партнеров




