Актывістаў затрымалі за налепкі супраць смяротнага пакарання
6- 9.10.2012, 10:30
8 кастрычніка ў Магілёве былі затрыманыя валанцёры, якія распаўсюджвалі налепкі і постэры кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі».
Са слоў актывіста кампаніі Уладзіміра Чумакова, прыкладна ў 17-20, пасля званка «пільных» грамадзян, двое юнакоў былі затрыманыя супрацоўнікамі міліцыі і дастаўлены ў Ленінскі РАУС Магілёва. Пасля разгляду, які доўжыўся амаль пяць гадзін, на хлопцаў былі складзеныя пратаколы аб адміністрацыйным парушэнні на падставе ч. 2 артыкула 21.14 КаАП РБ «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў», а таксама пратакол аб канфіскацыі інфармацыйных матэрыялаў, піша ПЦ «Вясна».
Як паведамляе магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель, хутчэй за ўсё, юнакам пагражае штраф, паколькі іх не затрымалі да суда. Максімальны штраф, прадугледжаны па гэтым артыкуле, складае 25 базавых велічынь, або 2 з паловай мільёны рублёў.