На ўборку капусты з-пад снегу кінулі міліцыянтаў (Фота)
113- 1.11.2012, 10:12
Міліцыянты і беспрацоўныя збіралі змёрзлую капусту пад Менскам.
- Мы з Жодзіна, прыехалі ад цэнтра занятасці, - распавядае беспрацоўная жанчына, якая прыбыла падзарабіць на ўборцы капусты. - У дзень плацяць ад 50 да 70 тысяч рублёў, дазваляюць узяць з сабой два качана капусты.
Візіт фотарэпарцёраў на ўборачнае поле, размешчанае ў кіламетры ад Кургана Славы, не застаўся незаўважаным. Пачынаюцца роспыты: хто, адкуль. Аказваецца, што з пункту гледжання некаторых кіраўнікоў, капуста пад снегам - гэта анамалія, якую лепш не фатаграфаваць, піша «Салiдарнасць».
- Вы ж разумееце, нехта можа вытлумачыць прыродную з'яву зусім інакш. Напрыклад, што гаспадаркі вобласці не спраўляюцца з уборкай, - тлумачыць адзін з прадстаўнікоў мясцовай адміністрацыі.
Пасля размоў з людзьмі высвятляецца, што на полі апынуліся не толькі работнікі навакольных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, але і кабінетныя служачыя.
- Тут цяпер усе працуюць: ад галоўнага ідэолага да апошняй даяркі, - дзеліцца сакрэтам адзін з брыгадзіраў. - А што такога, трэба дапамагчы ўбраць, бо снег выпаў рана.
І сапраўды, па калена ў снезе, грэючы рукі каля выхлапной трубы трактара, за 6 даляраў і два качана капусты ў дзень людзі дапамагаюць убіраць ураджай.
- Я зараз у адпачынку, вось і вырашыў падпрацаваць, - распавядае яшчэ адзін з тых, хто прыехаў на поле. - Я не беспрацоўны. Проста ўсё роўна дома няма чаго рабіць, а так і капейка будзе.
Пасля абеду і некалькіх перакураў норма аказваецца выкананай. Жодзінскі «дэсант» адпраўляецца дадому, а на змену прыбываюць салдаты. Задача апошніх - загрузіць сабраны ўраджай.
- Яны кожны дзень прыязджаюць. Хлопцы маладыя, моцныя, хутка грузяць, - дзеліцца адзін з работнікаў. - Будуць прыязджаць, пакуль усю капусту не ўбярэм.
І сапраўды, два ўзвода ў звыклых шэрых куртках з надпісам «міліцыя» на спінах, дэманструючы незвычайны спрыт і добрую фізічную падрыхтоўку, у лічаныя хвіліны загружаюць капустай прычэп.
Вось так і аказваецца, што ўборачная для беларусаў - гэта апошні рубеж абароны, на якім аказваюцца і ідэолаг, і беспрацоўны, і міліцыянт.