29 сакавiка 2024, Пятніца, 11:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

100-тысячны марш у Дзень Незалежнасці Польшчы(Фота, відэа)

64
100-тысячны марш у Дзень Незалежнасці Польшчы(Фота, відэа)

Людзі запоўнілі ўвесь цэнтр Варшавы.

У той час, калі шэсці ўдзельнікаў розных рухаў у Дзень Незалежнасці прайшлі без асаблівых беспарадкаў, то ў дачыненні да нацыяналістычнага «Марша незалежнасці» паліцыі прыйшлося ўжыць слёзны газ. Нацыяналісты і футбольныя хуліганы, якія праніклі ў шэрагі ўдзельнікаў маршу, паводзіліся вельмі агрэсіўна. Яны не толькі скандавалі правакацыйныя што да польскіх улад і Еўрапейскага Звязу лозунгі, але і кідалі ў супрацоўнікаў паліцыі петарды, цэглу ды камяні.

Першыя беспарадкі пачаліся а 14-й гадзіне паводле мясцовага часу на алеі Яна Паўла II. Калона футбольных хуліганаў падчас шэсця пачала кідаць падпаленыя фаеры.

Сутыкненні з паліцыяй адбыліся таксама на вуліцы Грыбоўскай ля гатэля Mercury. Відавочцы падзей распавядаюць, што хуліганы кідалі ў паліцыянтаў камяні, палкі, дошкі з лавак і сметніцы. Таксама агрэсіўныя групы футбольных фанатаў былі заўважаны на пляцы Дефіляд.

Галоўнай задачай сіл правапарадку стала прадухіленне сутыкненняў паміж нацыяналістамі і антыфашыстамі – месцы правядзення акцый знаходзіліся недалёка адно ля аднаго.

Пад 16 гадзін паводле мясцовага часу эпіцэнтр беспарадкаў перасунуўся да станцыі метро Centrum. Нягледзячы на тое, што ў цэнтр горада былі сцягнуты тысячы паліцыянтаў, цалкам разагнаць хуліганаў яны не здолелі. Супраць удзельнікаў беспарадкаў выставілі кардоны з воднымі гарматамі, а таксама ўжылі слёзны газ. Увесь пляц у раёне станцыі метро быў зацягнуты дымам ад святлогукавых гранат і дымавых шашак. Над цэнтрам Варшавы кружылі гелікоптары паліцыі.

Як паведаміў карэспандэнт сайта charter97.org, праз беспарадкі быў перацяты рух па вуліцы Маршалкоўскай і алеі Ерусалімскай. Часцяком былі чутныя моцныя гукі, але незразумела, што стала іх прычынай – стрэлы ці петарды. Хуліганы кідалі ў паліцыю камяні і кавалкі бруку.

Да 16.30 частка хуліганаў прарвала ачапленне паліцыі і прадоўжыла шэсце ў бок пляца Канстытуцыі. Яны змаглі абыйсці кардоны па суседніх вуліцах. Размахваючы дзяржаўнымі сцягамі Польшчы і сцягамі футбольнага клуба Legia, яны выйшлі на праезную частку вуліцы Маршалкоўскай і рушылі да пляца Канстытуцыі, скандуючы «Бог! Свабода! Айчына!» і «Вялікая Польшча – у нашых сэрцах».

Праз некаторы час паліцыя прыбрала кардоны на станцыі Centrum, бо вялікая частка ўдзельнікаў шэсця ўжо іх абыйшла. Да іх далучылася велізарная колькасць людзей, якія бралі ўдзел у іншых акцыях у цэнтры горада.

Дробныя сутыкненні, ініцыятарамі якіх былі футбольныя хуліганы, адбываліся паўсюль на маршруце калоны. Паступілі звесткі пра параненых як з боку ўдзельнікаў шэсця, так і з боку паліцыі. Паводле паведамлення карэспандэнта charter97.org, на месцы сутыкненняў застаўся разабраны брук, ляжыць цэгла, палкі, кавалкі арматуры.

Да 17 гадзін калона ўдзельнікаў шэсця, у якой пасля зняцця кардонаў налічвалася ўжо каля 100 тысяч чалавек, расцягнулася ад станцыі метро Centrum да пляца Канстытуцыі. У шэсці бралі ўдзел не толькі нацыяналісты, але і прадстаўнікі іншых палітычных сіл. Удзельнікі калоны скандавалі «Хто мы? - Палякі!». Сярод мора польскіх сцягоў луналі сцягі Украіны, Грузіі, Вугоршчыны, Нарвегіі.

Сярод удзельнікаў шэсця былі і беларусы з нацыянальнымі бел-чырвона-белымі сцягамі.

Паралельна калоне рухаліся паліцыянты ў шаломах і са шчытамі.

Шэсце скончылася ля помніка Раману Дмоўскаму, адкуль шматлікія яго ўдзельнікі накіраваліся ў парк Агрыкола, дзе адбудзецца святочны канцэрт.

Польскія СМІ паведамілі, што падчас сутыкненняў у раёне станцыі метро Centrum сілы правапарадку затрымалі каля 200 найболей агрэсіўных удзельнікаў.

Адзначым, што недалёка ад месцаў сутыкненняў прайшлі мірныя акцыі. Паліцыя не ўмешвалася ў іх правядзенне. Без інцыдэнтаў прайшоў марш, арганізаваны афіцыйнымі ўладамі. У сваім выступе на галоўных імпрэзах у гонар Дня Незалежнасці на пляцы Пілсудскага ў Варшаве Браніславаў Камароўскі выказаў меркаванне, што адрозненне ў поглядах і ўзаемная крытыка не павінна дзейнічаць дэструктыўна.

Дзень Незалежнасці ў Польшчы адзначаецца штогод 11 лістапада ў гонар абвяшчэння ў 1918 годзе незалежнасці дзяржавы ад панавання Нямеччыны, Расіі і Аўстрыі.

Вiдэа charter97.org:

После праздника:

Напісаць каментар 64

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках