Шведам паказалі фільм пра смяротнае пакаранне ў Беларусі (Фота)
6- 15.11.2012, 15:21
Паказ адбыўся ў рамках праграмы «Дні праў чалавека - 2012», якія праходзілі ў Гётэборгу.
Гэта самае вялікае мерапрыемства Скандынавіі, прысвечанае правам чалавека. Яго наведвае каля 2 тысяч чалавек, паведамляе ПЦ «Вясна».
Арганізацыя Östgruppen правяла больш за 10 семінараў на тэму праў чалавека ў Беларусі. У іх прынялі ўдзел беларускія праваабаронцы, ад Швецыі ўдзельнічалі былы камісар па правах чалавека Савета Еўропы Томас Хамарберг і генеральны сакратар Community of Democracies Марыя Леіснер.
У рамках праграмы «Дні праў чалавека - 2012» адбылася прэзентацыя фільма «Убыл по приговору». Ад сцэнарыста Паліны Сцепаненка, рэжысёра Віктара Траццякова і каардынатара кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» Андрэя Палуды былі перададзеныя вітальныя словы.
Фільм «Убыл по приговору» прысвечаны існаванню ў Беларусі смяротнага пакарання. Аўтары фільма зрабілі інтэрв'ю з Алегам Алкаевым, які распавёў аб механізме выканання смяротнага прысуду. Таксама ў стужцы прыведзена меркаванне праваабаронцы Гары Паганяйла, які тлумачыць, чаму Беларусі варта адмовіцца ад смяротнага пакарання. І археолага Мікалая Крывальцэвіча, які звяртае ўвагу, як шмат нявінных людзей было расстраляна супрацоўнікамі НКУС у 30-х гг.
Па дадзеных «Amnesty International» і кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», за апошнія 20 гадоў у Беларусі пакарана больш за 400 чалавек. Да таго ж, у нашай краіне ўсё, што тычыцца смяротнага пакарання, да гэтага часу хаваецца дзяржаўнымі органамі.