28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі выратавалі ад дэфолту Еўразвяз і Расея

29
Рэжым Лукашэнкі выратавалі ад дэфолту Еўразвяз і Расея

(абноўлена) Калі б не гандаль з ЕЗ і расейскія крэдыты, беларуская эканоміка не выйшла б з крызісу 2011 года.

Учора ў Менску ў ходзе пленарнага пасяджэння Кансультатыўнага савета па замежных інвестыцыях пры ўрадзе Беларусі прэм'ер-міністр Міхаіл Мясніковіч прызнаў, што ва ўмовах леташняга эканамічнага крызісу Беларусь фактычна апынулася на мяжы дэфолту. Ад яго, на думку прэм'ера, краіну выратавалі жорсткія адміністрацыйна-абмежавальныя меры.

Сустаршыня партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя (БХД) Віталь Рымашэўскі не згодны з тым, што эканоміку выратавалі такія меры. Паводле яго слоў, яны, наадварот, загналі эканамічную сітуацыю ў краіне ў яшчэ большую дэградацыю. У інтэрв'ю сайту charter97.org сапраўдным выратавальнікам беларускай эканомікі палітык назваў Еўразвяз:

«Калі чыноўнік такога рангу заяўляе пра дэфолт, які мог адбыцца ў беларускай эканоміцы, улічваючы тое, што на гэтую тэму беларускім чыноўнікам фактычна было забаронена гаварыць, гэта значыць, што сапраўды, пагроза дэфолту была і яна была даволі сур'ёзнай.

А дапамаглі выратаваць эканоміку не жорсткія адміністрацыйна-абмежавальныя меры, яны наадварот загналі беларускую эканоміку ў яшчэ больш глыбокую дэградацыю і стагнацыю, а менавіта дапамога Еўразвяза. Тыя дывідэнды, якая беларуская эканоміка атрымала ад гандлю з Еўразвязам, ад падтрымкі Расеі і ад махлярства з шэрымі схемамі экспарту растваральнікаў і іншых прадуктаў. Таму можна сказаць, што Беларусь ад дэфолту выратаваў Еўразвяз. Гэта быў асноўны спажывец беларускай прадукцыі, асабліва кантрабанднай», - адзначыў Віталь Рымашэўскі.

З палітыкам згодны беларускі эканаміст Барыс Жаліба.

«Сітуацыю выратавалі ў большай частцы крэдыты Антыкрызіснага фонду Еўразійскага банка развіцця. Калі б не гэты крэдыт, то абвал эканомікі ў плане інфляцыі і дэвальвацыі быў бы куды больш глыбокім», - распавёў сайту charter97.org Барыс Жаліба.

Па словах эксперта, Еўразвяз - асноўны пакупнік нашых нафтапрадуктаў, а гэта асноўны артыкул нашага экспарту:

«Еўразвяз аўтаматычна згуляў станоўчую ролю. У Беларусі з ЕЗ гандлёвы баланс быў звычайна станоўчым. Ён застаўся станоўчым. І зразумела, што Еўразвяз з'яўляецца асноўным пакупніком нашых нафтапрадуктаў, гэта асноўны артыкул экспарту. І вядома, калі б не гэты экспарт, які забяспечваў Еўразвяз, нам бы было зусім дрэнна ».

Вывазу валюты з Беларусі спрыяла павышэнне пошлін на ўвозімыя іншамаркі, адзначыў эканаміст:

«Адмоўны фактар таксама нельга не ўлічваць - гэта павышэнне пошлін на ўвозімыя аўтамабілі да расейскага ўзроўню. Гэта пацягнула вываз наяўнай валюты на еўрапейскія рынкі за пакупкай аўтамабіля, гэта быў не адзін мільярд даляраў».

Нагадаем, у 2011 годзе ў Беларусі разгарэўся буйны фінансавы крызіс, выкліканы неабгрунтаваным павышэннем зарплат перад прэзідэнцкімі выбарамі. У выніку крызісу курс даляра вырас з 3000 да 8500 беларускіх рублёў, дэвальвацыя склала 189%, а інфляцыя - 108%.

Кошты на прадукты харчавання выраслі ў сярэднім на 125%, на пасажырскія перавозкі - на 105%. Да лістапада стаўкі па спажывецкіх крэдытах выраслі да 120% гадавых. Пры гэтым зарплата ў даляравым эквіваленце ўпала з 500 даляраў да 170-220 (з улікам немагчымасці да верасня свабоднай куплі даляраў легальна). Узровень даходаў насельніцтва ўпаў да ўзроўню 2005 года.

Менгарвыканкам адмяніў практыку прадастаўлення льготных крэдытаў на будаўніцтва жылля, а Лукашэнка запатрабаваў спыніць выезд людзей з Беларусі на заробкі. За 2011 год у 2,6 разоў вырасла колькасць неплацельшчыкаў па крэдытах, а ўклады беларусаў у рублях абясцэніліся на мільярд даляраў.

Нягледзячы на правядзенне дэвальвацыі і ўвядзенне антыкрызіснага рэгулявання эканомікі, крызісныя з'явы не зніклі, а інфляцыя перавысіла прагнозныя паказчыкі. Большасць незалежных экспертаў лічаць, што без правядзення структурных рэформ сітуацыя працягне пагаршацца. Пры гэтым шэраг высокапастаўленых чыноўнікаў адмаўляе існаванне якога-небудзь крызісу, прызнаючы толькі існаванне некаторых праблем.

Калаж - Deutsche Welle

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках