Раман Якаўлеўскі: Літва таксама можа папсаваць нервы Лукашэнку
8- 16.11.2012, 17:02
Напрыклад, калі справа закране перамовы аб уступленні Беларусі ў СГА.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі лічыць выказванні аб уступленні Беларусі ў СГА заўчаснымі і занадта аптымістычнымі. Аб гэтым ён сказаў у інтэрв'ю «Радыё Свабода».
«Каб стаць афіцыйным членам Сусветнай гандлёвай арганізацыі, трэба мець двухбаковыя пагадненні з усімі членамі гэтай арганізацыі. І ў гэтай сітуацыі для мяне дзіўным выглядала б згода на гэта, напрыклад, ЗША. Сітуацыя можа нагадваць тую, якая была раней паміж Расеяй, якая хацела ўступіць у СГА, і Грузіяй, якая, будучы членам арганізацыі, доўгі час не давала згоды на далучэнне Расеі. Любая краіна можа заблакаваць праблему», - сказаў ён.
Эксперт кажа, што невядома, як сябе павядуць цяпер у гэтай сітуацыі і бліжэйшыя суседзі Беларусі.
«Улічваючы, што ў апошні час пагаршаюцца адносіны паміж Вільнюсам і Менскам, Варшавай і Менскам, я не выключаю, што могуць узнікнуць праблемы і на гэтым кірунку. Узяць тую ж Літву. Лукашэнка апошнім часам гуляе на нервах літоўцаў, калі кажа, што перавядзе грузапаток з балтыйскіх партоў у Ленінградскую вобласць. І калі так здарыцца, у Літвы могуць адразу паўстаць дадатковыя пытанні да Беларусі», - сказаў Раман Якаўлеўскі.
Упэўненасць, што Беларусь хутка ўвойдзе ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, сёння выказаў старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка.