29 сакавiка 2024, Пятніца, 0:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Палескай рушылі ў атаку на будаўнічую тэхніку (Фота)

24

На карце канфліктаў ушчыльнення Менска з'явіўся яшчэ адзін гарачы пункт: вуліца Палеская.

Праўда, адрозна ад жыхароў Уручча ці вуліцы Мельнікайтэ, тут пратэстуюць супраць новага будаўніцтва не ўладальнікі кватэр у шматпавярховіках, а гаспадары прыватных дамоў. Ды і то не ўсе, а толькі тыя, жыллё якіх мае высокі рынкавы кошт, піша TUT.BY.

Вастрыня канфлікту ў поўнай меры адчувалася яшчэ на пад'ездзе да месца, дзе ён адбываецца: знайсці ўезд ці хоць бы праход на Палескую было зусім не трывіяльнай задачай. Гэтая вузкая вулачка праходзіць паралельна вялікай вуліцы Маякоўскага, якая, як вядома, цяпер перажывае маштабную рэканструкцыю з пашырэннем праезнай часткі. У выніку большасць праездаў паміж імі перацятая і перакапаная.

У гэтых і без таго няпростых варунках поўным ходам ідзе будаўніцтва сталічным холдынгам «Лада-ОМС Інжынірынг» высокага жылога дома. Вядомая рэч, што без цяжкай спецтэхнікі яно немагчымае, а патрапіць на будпляцоўку грузавікі, бульдозеры, экскаватары і бетонамяшалкі могуць толькі праз згаданую Палескую, пераўтвораную праз гэта ў тыповы сельскі прасёлак з ямінамі і неўнікнёнай граззю.

- Жыць ва ўласным доме стала не толькі невыносна, але і небяспечна - распавёў уладальнік аднаго з прыватных дамоў Анатоль Дземчын. - Кожны вечар дабірацца дахаты на самаходзе даводзіцца з рызыкай для жыцця! Кіроўцы бетанавозаў і самаскідаў увесь час ходзяць на будоўлю і назад, псуюць дарожнае пакрыццё, разносяць гразь, шумяць... Куды толькі мы не звярталіся са скаргамі!

Сёння, 16 лістапада, а 9:30 раніцы разбірацца з гэтымі скаргамі на Палескую прыехалі прадстаўнік забудоўшчыка - начальнік АКБ холдынгу «Лада-ОМС Інжынірынг» Сяргей Бязмен і начальнік аддзела будаўніцтва адміністрацыі Ленінскага раёна Менска Дзіяна Гулідава. Размова як паміж сабой, так і з жыхарамі канфліктнай вуліцы ў іх атрымалася хоць і няпростая, але ў выніку канструктыўная: ад забудоўшчыка было атрымана цвёрдае абяцанне развязаць праблему з захаваннем дарожнага пакрыцця і яго рэгулярнай прыборкай, а жыхары, у сваю чаргу, пагадзіліся яшчэ некалькі дзён трываць будаўнічую тэхніку. Зразумела, пры ўмове, што забудоўшчык выканае сваё абяцанне.

Варта заўважыць, што адным толькі дарожным рухам, тлумам і граззю праблемы на Палескай не сканчаюцца. Як распавёў начальнік АКБ холдынгу «Лада-ОМС Інжынірынг» Сяргей Бязмен, увесь гэты пляц плануецца пад знос. Прычым жыхароў дамоў пад знос забудоўшчык зусім не крыўдзіць, а тыя, хто ўжо атрымаў адпаведную кампенсацыю, цалкам задаволеныя ўгодай. Больш за тое: шмат якія жыхары нават просяць забудоўшчыка: «Знясіце нас хутчэй!»

Што ж, гэта цалкам лагічна, калі чалавек валодае толькі трухлявым драўляным домам: у гэтым выпадку атрыманая ў выглядзе кампенсацыі кватэра ці грашовыя сродкі шматкроць перасягаюць тую суму, якую ён тэарэтычна мог бы атрымаць у выпадку яго продажу рынкавым коштам. Але што рабіць уладальнікам дарагіх катэджаў, у будаўніцтва якіх былі ўкладзеныя велізарныя асабістыя сродкі і, што значна важней для гэтых людзей, праца і душа? Напрыклад, дом таго ж Анатоля Дземчына - сапраўдны палац, як усярэдзіне, так і знадворку. Бо чалавек пабудаваў яго практычна сваімі рукамі! Цалкам зразумела, што за сваю ўласнасць такія людзі будуць змагацца да канца - бо калі ім і прапануюць дзялянку і грошы для будаўніцтва дома, то ўжо сапраўды не ў цэнтры Менска. А кватэра ў шматпавярховіках наўрад задаволіць тых, хто звык жыць ва ўласным доме.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках